Сокал Гоша
Дзяўчынка Наташа вельмі любіла жывёл. Яна доўга
ўпрошвала бацькоў, каб яны падарылі ёй маленькага сабачку.
Нарэшце цуд адбыўся. Маленькае шчаня Джоні стала
агульным любімцам.
У выхадныя дні сям’я выязджала ў лес, дзе дарослыя
збіралі грыбы і ягады, а дзяўчынка з Джоні гуляла ў бары.
Аднойчы Джоні нешта знайшоў пад дрэвам. Ён зрабіў стойку,
наставіў вушы і забрахаў. Дзяўчынка падбегла, апусцілася на
калені, рассунула кусцікі верасу і ўбачыла на моху маленькае
птушаня. Нягледзячы на свае невялікія памеры, яно было
вельмі смелае. Убачыўшы перад сабою Джоні, яно
перавярнулася на спі́ну і выставіла наперад лапкі, узброеныя
маленькімі вострымі кіпцюрамі. Наташа асцярожна ўзяла
птушаня і паказала бацьку. Той агледзеў усе дрэвы вакол, каб
знайсці гняздо, з якога выпала птушаня. Але гнязда не
знайшлі. Было вырашана ўзяць малое дахаты і выхадзіць.
Так з’явіўся новы член сям’і Гоша. Сакалок вельмі хутка
зарыентаваўся ў сямейнай іерархіі і больш за ўсіх паважаў
бабулю-гаспадыню. Гоша ўпэўнена бегаў па пакоі, спрабаваў
узбірацца на высокія прадметы. Птушаня было вельмі
забаўным і паступова таксама стала ўсеагульным любімцам.
Хутка птушаня апе́рылася і пачало лятаць па пакоі. У яго
з’явілася ўлюбёнае месца на буфеце, дзе яно спала на адной
лапцы. У час снядання ці вячэры ўсёй сям’і Гоша нязменна
сядаў на высокую спінку крэсла і ціхенька папіскваў,
выпрошваючы чарговы кавалачак мяса.
Птушаня пасталела і ператварылася ў вастракрылага
сокала з белым прыгожым горлам. Бацька павёз Гошу на
кафедру заалогіі ў інстытут, каб вызначыць від сокала.
Арнітолагі сказалі, што гэта вельмі рэдкі сокал, занесены ў
Чырвоную кнігу Беларусі.
На сямейнай нарадзе вырашылі выпусціць птушку на
волю. Апошняй дала згоду Наташа. Гошу павезлі ў той сасновы
гай, дзе яго знайшлі. Сакалок доўга не хацеў адлятаць, скакаў
з пляча на плячо, апусціўся на зямлю побач з Джоні і
міралюбіва хадзіў вакол яго, быццам развітваўся. Потым сеў на
плячо Наташы, пяшчотна ўскудлачыў дзюбай яе валасы,
крыкнуў пранізліва і ўзляцеў. Ён падняўся вышэй за сосны,
зрабіў тры шырокія кругі, пракрычаў нешта на сваёй сакалінай
мове і знік удалечыні.
Яшчэ доўга Наташа ўспамінала пра свайго гадаванца
Гошу і сумавала. Аднак дзяўчынка разумела, што птушка
павінна жыць на волі. (340 слоў) |