Увосень

Увосень
     Другі дзень запар ідзе дождж. Цярушыць і цярушыць,
быццам праз сіта. А то часам і ветрам пацягне, ды такім
непрыветным, што пальцы пачынаюць дубець. Здаецца, яшчэ
тыдзень-другі – і на змену дажджу пасыплецца снег, ляжа на
зямлю мяккім пухам, і заскрыпяць па белым некранутым
першазімку вясёлыя сані.
     Але вось зусім нечакана дождж перастаў ісці. Выбліснула
сонейка. І ўсё навокал ажыло і павесялела. Дні стаяць ціхія,
сонечныя, поўныя мяккай задуменнасці і хараства. У паветры
плыве павуцінне. Тонкія серабрыстыя валаконцы асядаюць на
зямлю, чапляюцца за хмызы, платы, быльнёг. Зямля набывае
матава-белы колер, а валаконцы ўсё ткуцца і ткуцца.
     “Бабіна лета настала”, – з замілаваннем кажуць у народзе
аб гэтай пары восені.
Адчуўшы цяпло, ажываюць шмат якія заснуўшыя на зіму
насякомыя. Зноў з’яўляюцца стракатыя матылькі, мітусяцца
ля чыстых люстраных лужын на глухіх лясных дарогах
хуткакрылыя стракозы, вылазяць з душных хадоў-лабірынтаў
пагрэцца на сонейку лясныя мурашкі. А часам нават прагудзе
над адзінокай кветкай калматы чмель, замармыча на ўзлессі
цецярук-касач.
     Нідзе жывое не траціць цяпер дарэмна гэтых апошніх
залатых дзянькоў. Хто назапашвае на зіму кармы, хто
спяшаецца цёплае жыллё ўладкаваць, хто проста набіраецца
сілы.
     Большасць птушак ужо адляцела. Ранкамі ў асеннім небе
можна пачуць толькі трубныя галасы апошніх журавоў. Гэта
журботнае курлыканне крылатых вандроўнікаў нельга слухаць
без хвалявання.
     І наўрад ці знойдзецца чалавек, які, пачуўшы гэтыя
развітальныя крыкі, не падымае галавы, не праводзіць журавоў
доўгім позіркам. Але кароткія яны, гэтыя залатыя дзянькі
бабінага лета. Глядзіш – зноў схавалася за хмары сонца,
падзьмулі халодныя вятры, зачасцілі дажджы. І зноў кудысьці
пахаваліся падманутыя цёплымі днямі ўсялякія казюлькі,
стракозы, мурашкі. У лесе стала ціха і няўтульна.
Бывай, залатая восень! (260 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 126 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: