Вавёрчына зброя

Вавёрчына зброя
     Маленькая вавёрачка Гарэза не магла доўга ўседзець у
сваім дупле. Яна паціху выслізнула на сучок дуба, азірнулася.
Там, дзе нядаўна яе сямейка ласавалася салодкімі чарніцамі,
цяпер павольна хадзілі дзве жанчыны і зрывалі духмяныя
ягады. Побач з жанчынамі круціліся два маленькія чалавечкі.
Звонка перагукваючыся, яны бегалі па лагчыне і шпурлялі ў
дрэвы шышкі.
     Людзей Гарэза не баялася. Не раз сустракала іх у лесе і
ўпэўнілася, што лазіць па дрэвах яны не ўмеюць або не
жадаюць.
     Паназіраўшы здалёк за маленькімі чалавечкамі, Гарэза
пераскочыла на суседнюю алешыну, з яе – на тонкую асінку,
на маладую хвойку. Хлапчукі ўбачылі маленькую вавёрачку,
назбіралі шышак і давай кідаць іх у звярка. Потым падскочылі
да хвойкі, у галінках якой хавалася Гарэза, і пачалі моцна
трэсці тонкі стволік.
     Спалоханая вавёрачка ўчапілася ў галінку моцнымі
кіпцюрамі, але доўга пратрымацца не змагла. Страціла
раўнавагу і паляцела ўніз. Яна паспела толькі перакрутнуцца ў
палёце і шлёпнулася ў густы бруснічнік не спі́наю, а на лапкі.
Але схавацца ёй не ўдалося. Хлапчукі з радасным крыкам
кінуліся на яе і моцна схапілі рукамі.
     І тады Гарэза хапанула ворагаў сваімі вострымі, быццам
іголкі, зубкамі. Хлапчукі заенчылі ад болю, а вавёрачка раптам
адчула, што рукі больш не сціскаюць яе цела.
     Высокімі скачкамі Гарэза памчалася далей ад злых
хлапчукоў. Не бачыла яна, як на крык дзяцей прыбеглі
жанчыны, спачатку надавалі малым кухталёў за
непаслухмянства, а пасля закручвалі пакусаныя пальцы
шматкамі газеты.
     Адно спазнала Гарэза ў той дзень: у яе ёсць надзейная
зброя – вострыя і моцныя зубкі. На іх можна спадзявацца, калі
раптам патрапіш у бяду. (249 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 374 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: