Адважны сын Айчыны

Адважны сын Айчыны
      За два гады службы ў Чырвонай Арміі Пётр Галецкі
зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку. Добрасумленны,
удумлівы і дзелавы, ён стаў прыкладам для іншых байцоў.
      Гарэла зямля пад нагамі ворагаў: партызаны не давалі ім
спакою ні днём, ні ноччу. Ляцелі пад адхон саставы з жывой
сілай і тэхнікай, палалі варожыя гарнізоны, на кожным кроку
гітлераўцаў чакала смерць. За год партызанскай барацьбы Пётр
Галецкі ўдзельнічаў у многіх аперацыях і заўсёды вызначаўся
смеласцю і адвагай. Яму часта аб’яўляліся падзякі, а потым ён
быў прадстаўлены да ўрадавай узнагароды.
      І было яшчэ адно заданне – у чэрвені 1942 года.
      Была цёмная халодная ноч. Асцярожна прабіралася ў
напрамку чыгункі група хлопцаў-падрыўнікоў. Напярэдадні
разведка данесла, што з Віцебска на Смаленск адпраўляецца
варожы састаў з важным вайсковым грузам і цыстэрнамі з
бензінам. Эшалон рухаўся ў напрамку Масквы, і прапусціць яго
нельга было ні ў якім выпадку.
      Узмоцнена ахоўвалася магістраль у тую ноч: на вышках
заселі варожыя кулямётчыкі, праз кожныя трыста–чатырыста
метраў стаялі патрулі. Уздоўж чыгункі немцы загадзя высеклі
лес.
      Было вырашана, што як толькі пачуюцца сігналы
цягніка, то да рэек папаўзе Пётр Галецкі. Ён хуценька закладзе
ўзрыўчатку і вернецца да сваіх, якія прыкрыюць сябра агнём.
      Шум цягніка нарастае, становіцца мацнейшы і гучнейшы.
Набліжаецца да чыгуначнага палатна і Пётр Галецкі. Насып
круты, высокі, на яго з пустымі рукамі няпроста ўзабрацца, а
тут – міна. Састаў ідзе плаўна, паволі, значыць, груз вязе вялікі,
цяжкі. Вось-вось пакажацца з-за павароту, выхапіць святлом
пражэктара яго, Галецкага, постаць.
      Пётр сабраў апошнія сілы, імкнучыся нават дыханнем не
выдаць сябе. Калі ж да палатна заставалася семдзесят-
восемдзесят метраў, ён усхапіўся з зямлі і кінуўся да палатна.
Скачок наперад – і юнак на рэйках, пад коламі цягніка.
      Трывожны гудок паравоза зліўся з магутным выбухам.
Вогненны слуп ускінуўся высока ў неба. Трое партызан бачылі
з сасонніку, як уздыбіўся паравоз, закуляліся, пакаціліся пад
адхон варожыя платформы з грузам і цыстэрны з гаручым.
      Так скончылася жыццё адважнага сына Айчыны,
пачалася яго бессмяротнасць. За мужнасць і адвагу ў барацьбе
з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Пятру Галецкаму
пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. (330
слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 204 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: