Самыя блізкія сябры
Самыя блізкія сябры
Валодзя з Мішам былі самымі блізкімі сябрамі. Сядзелі
яны за адной партай, думалі адны думкі і, калі трэба, дзяліліся
апошнім. Валодзя кожны дзень даваў спісваць Мішу задачы,
добрасумленна падказваў на ўроках, рыхтаваў для сябра
розныя шпаргалкі. Нават на ўроках умудраўся дапамагаць:
шаптаў мацней за ўсіх, тлумачыў умоўнымі знакамі.
Іх моцная дружба працягвалася да таго самага дня, калі
на класным сходзе было прапанавана выбраць Валодзю
старастам. І з таго ж дня, як лічыць Міша, Валодзя стаў
здраднікам. Ужо назаўтра ён адмовіўся даць спісаць сябру
задачы. Міша на гэта так моцна пакрыўдзіўся на сябра, што
назаўтра не зайшоў да яго па дарозе ў школу і нават не
павітаўся з Валодзем. Сеў за другую парту, надзьмуўся і
перастаў з ім размаўляць. Так усялякая дружба паміж былымі
сябрамі была скончана.
І вось аднойчы пасля заняткаў усе разам ішлі дахаты.
Дайшлі да моста. І тут Мішу стукнула ў галаву думка
прамаршыраваць на парэнчах моста. Няхай Валодзя
падзівіцца, які смелы і рашучы Міша, няхай пашкадуе, якога
сябра ён страціў. Балансуючы, як цыркавы артыст на дроце,
Міша пачаў асцярожна перастаўляць ногі. І ўсё ішло напачатку
добра, але вось Мішу захацелася зірнуць, ці ўражаны яго
геройствам Валодзя. Ён павярнуўся, а потым неяк захістаўся і
паляцеў у рэчку.
Да берага было недалёка, і Міша сам бы мог выплыць.
Але ад страху ён так разгубіўся ў халоднай асенняй вадзе, што
пачаў тануць.
У той жа момант каля яго ў вадзе апынуўся Валодзя. Ён
падхапіў сябра і пацягнуў яго да берага.
Мокрыя, як цюцькі, яны вылезлі на бераг. Валодзя
першым памчаўся да вёскі. Калоцячыся ад холаду, за ім
кінуўся і Міша.
З таго часу хлопцы зноў сядзяць за адной партай. Цяпер
Міша, нарэшце, пераканаўся, што дарэмна лічыў Валодзю
здраднікам. Які ж ён здраднік, калі не пабаяўся ўслед за сябрам
кінуцца ў халодную ваду? Ніхто з хлопцаў гэтага не зрабіў.
Мінуў цэлы навучальны год, а яны ні разу не пасварыліся,
хоць Валодзя і не дае Мішу спісваць задачы. Але Міша і не
просіць больш у яго сшыткаў, бо навучыўся сам і задачы
рашаць, і дыктанты пісаць. (337 слоў)
Зборнік пераказаў |
Просмотров: 324 |
|