Ахвярам Халакосту

Ахвярам Халакосту
      У 2000 годзе ў Мінску з’явіўся абноўлены мемарыял
ахвярам Халакосту – праследавання і масавага знішчэння
яўрэяў у перыяд нямецкай акупацыі. Мемарыял «Яма»
нагадвае нам аб бесчалавечнасці фашыстаў, сімвалізуе вечны
боль і смутак беларускага народа. Гэта месца прысвечана ўсім
яўрэям, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі ў
Мінскім гета5.
      Менавіта ў беларускай сталіцы было створана адно з
найбуйнейшых у Еўропе гета для знішчэння яўрэяў. Ужо ў
канцы кастрычніка 1943 года сумная статыстыка сведчыла аб
ста тысячах забітых. Толькі 2 сакавіка 1942 года нацысты забілі
больш за пяць тысяч яўрэяў, у тым ліку каля двухсот сірот з
дзіцячага дома. Вялікімі групамі іх падводзілі да яра на
ўскрайку гета, расстрэльвалі і скідвалі ў яму. Сёння на гэтым
месцы знаходзіцца мемарыял.
      Абеліск з чорнага мармуру быў устаноўлены тут яшчэ ў
1947 годзе. На сціплай сцяне змяшчаліся памятныя надпісы на
рускай і яўрэйскай мовах. Доўгі час гэта быў адзіны помнік
ахвярам Халакосту ва ўсім Савецкім Саюзе.
      Лесвіца-кампазіцыя «Апошні шлях» з’явілася тут у
пачатку дваццаць першага стагоддзя. Спуск у яму –
сямнаццаць прыступак. Дваццаць сем бронзавых фігур быццам
ідуць у сваю ж магілу. Дзеці з надзеяй на выратаванне
чапляюцца за дарослых.
      Эльза Полак, аўтар скульптурнай кампазіцыі, ведае пра
зверствы фашыстаў не па чутках. Яна, яўрэйка са Славакіі,
толькі цудам выжыла ў Асвенцыме. У стварэнні скульптуры
таксама прымалі ўдзел архітэктар Леанід Левін і скульптар
Аляксандр Фінскі.
      Алея Праведнікаў народаў свету, высаджаная каля
«Ямы», увекавечвае імёны беларусаў, якія, рызыкуючы сваім
жыццём, ратавалі людзей яўрэйскага паходжання. Усяго ў
гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі існавала
звыш сотні гета, адкуль у апошні шлях адправіліся таксама
яўрэі з Германіі, Польшчы, Аўстрыі і іншых краін.
      Штогод другога сакавіка на тэрыторыі мемарыяла
адбываюцца памінальныя мітынгі. Спускаючыся ў яму, людзі
праходзяць той жа шлях, што і кожны з ланцужка асуджаных
на смерць, адчуваючы смутак і жах таго, што адбылося. (316
слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 90 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: