Бабуля Паша

Бабуля Паша
      Ігар летам адпачываў у бабулі Ганны ў вёсцы.
Вярнуўшыся, ён расказваў бацьку, што цікавага бачыў там. А
найбольш уражанняў засталося ў хлопчыка ад выступлення ў
клубе былога воіна Брэсцкай крэпасці.
      – Ён так расказваў, – гаварыў Ігар, – што многія плакалі.
Пра крэпасць расказваў. Як біліся там нашы салдаты. Амаль
месяц біліся. Ні ежы ў іх не было, ні вады, а яны ўсё ж
трымаліся. А вечарам Ігар усё гэта расказваў другой сваёй
бабулі, Пашы, якая жыве на суседняй вуліцы. Пасля расказу
ўнука бабуля прапанавала з’ездзіць разам у Брэсцкую
крэпасць. Праз некалькі дзён яны паехалі туды.
      Каля галоўнага ўвахода з высечанай у таўшчэзным бетоне
пяціканцовай зоркай убачыў Ігар шматметровы штык і салдата,
што схіліўся долу. Раптам аднекуль пачуліся гукі матораў
цяжкіх бамбавозаў, свіст і выбухі бомбаў, стрэлы. Голас
дыктара аб’явіў, што фашысты напалі на нашу зямлю…
Страшна стала хлопчыку, хоць і разумеў ён, што ўсё гэта толькі
па радыё. Яны прайшлі каля помніка непераможанаму
салдату, каля помніка «Смага», пабывалі каля высознага
штыка. А каля Вечнага агню і мемарыяла паклалі кветкі.
      Яны доўга хадзілі па крэпасці, і бабуля расказвала пра
мужных абаронцаў, пра дамы, дзе жылі сем’і камандзіраў, пра
казематы, у якіх гэтыя сем’і хаваліся ў час абароны крэпасці.
Не проста хаваліся, а перавязвалі параненых, даглядалі дзяцей
камандзіраў, набівалі патронамі стужкі і дыскі, а часам
станавіліся побач з параненымі і адбівалі атакі фашыстаў.
      Бабуля расказвала цікава і паказвала, дзе што было. Да іх
падыходзілі людзі і слухалі. Раптам высокі, з густой сівізной
мужчына падышоў і пакланіўся:
      – Добры дзень, Паша! Не пазнаеш? А я цябе адразу
пазнаў. Памятаеш, як ты мяне перавязвала вунь у тым
каземаце? Я тады ўвесь скалечаны быў, а ты, відаць, не думала,
што жывы буду. Паша, а дзе твой сын? Добра памятаю: у цябе
тады зусім маленькі сын быў.
      Бабуля выцерла ражком хусткі вочы і паказала на майго
бацьку. Калі пакідалі крэпасць, Ігар сказаў, што на наступнае
лета яны сюды ўсім класам прыедуць і бабулю абавязкова
возьмуць з сабою. (320 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 103 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: