«Бацька Сталінграда»

«Бацька Сталінграда»
      Не кожная еўрапейская сталіца ў гады Другой сусветнай
вайны абаранялася столькі, колькі трымаўся беларускі горад
Магілёў. На працягу дваццаці трох дзён савецкія воіны стаялі
да канца, каб хоць крыху адцягнуць галоўны ўдар – па Маскве.
Толькі за адзін дзень баёў, 12 ліпеня 1941 года, савецкімі
салдатамі было знішчана трыццаць дзевяць танкаў ворага.
Сёння Магілёў называюць «бацькам Сталінграда».
      9 мая 1995 года, падчас святкавання пяцідзясятай
гадавіны Перамогі, пад Магілёвам адкрыўся мемарыяльны
комплекс «Буйніцкае поле». Па задуме архітэктараў Уладзіміра
Чаленкі і Алега Бараноўскага на тэрыторыю комплексу
наведвальнікі трапляюць праз прыгожую арку. Над пляцоўкай
з гербам Магілёва гайдаецца маятнік Фуко, які сімвалізуе
вечную памяць аб палеглых тут воінах.
      У цэнтры комплексу знаходзіцца невялікая каплічка. На
яе сценах размешчаны памятныя дошкі, на якіх беражліва
захоўваюцца імёны абаронцаў Магілёва і апалчэнцаў. Для
многіх з іх гэты жорсткі бой стаў першым і апошнім. Воіны, у
якіх імёны адабрала вайна, пахаваны ў склепе пад каплічкай.
      Ад капліцы вядуць чатыры алеі. Адна з іх прысвечана
пісьменніку Канстанціну Сіманаву, які ў ліпені 1941 года
знаходзіўся на полі пад Буйнічамі ў якасці ваеннага
карэспандэнта. Стаўшы сведкам гераічных падзей, ён напісаў
свой вядомы раман «Жывыя і мёртвыя». Алея вядзе да каменя
пісьменніка, на якім напісана: «Усё жыццё ён помніў гэта поле
бою 1941 года і завяшчаў развеяць тут свой прах». Так і
адбылося.
      Па адной з алей трапляеш да Возера Слёз, якое сімвалізуе
пакуты ўсіх маці, якія так і не дачакаліся сваіх дзяцей з вайны.
      Каля сарака тысяч магіляўчан рыхтавалася да абароны
горада. Абрысы абарончых умацаванняў, якія будавалі толькі
два тыдні, можна ўбачыць і цяпер. Пад адкрытым небам
размясцілася экспазіцыя ваеннай тэхнікі: танкі, зенітная
ўстаноўка, гарматы. Асаблівую цікавасць выклікае сапраўды
ўнікальны экспанат – нямецкі танк, падняты з дна ракі Друць.
      Сёння ў мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле»
адбываюцца сустрэчы з ветэранамі вайны, праводзяцца ўрокі
мужнасці, патрыятычныя акцыі, экскурсіі, святочныя
мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Перамогі і гадавін
вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. (309
слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 178 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: