Бацькоўская любоў

Бацькоўская любоў
     Шмат гадоў таму ў гарадскім парку на высокай гары рос
дуб-волат. У яго густой зялёнай кроне вілі гнёзды птушкі, а ў
прахладным цені адпачывалі гараджане.
      Аднойчы сонечным восеньскім днём пад яго кронай збіраў
жалуды рудавалосы хлопчык. Ён выбраў самы вялікі жолуд і
закапаў яго непадалёк ад дуба ў зямлю. Вясной на тым месцы
з зямлі вылез маленькі тонкі парастак. Дуб быў шчаслівы, што
ў яго з’явіўся сынок, і пяшчотна аберагаў крохкае дрэўца.
      Ішлі гады. Сынок на радасць бацьку хутка падрастаў. Ды
нечакана прыйшла бяда. Малады дубок захварэў. Яго лісцікі
апусціліся, ствол сагнуўся да зямлі. Пазбавіўся спакою стары
дуб. Дні і ночы думаў, як дапамагчы.
      Неяк прысеў на дуб мудры крумкач. Уважліва паглядзеў
на малое дрэўца і пракрумкаў:
      – Марнее сынок твой ад ценю твайго. Без сонечнага
святла не будзе яму жыцця.
     Узмахнуў крыламі і паляцеў прэч. А ноччу разгулялася
бура. Усхадзіўся моцны вецер, які роў, як раз’юшаны звер,
ламаючы галіны дрэў.
     – Вецер, ты магутны! – звярнуўся да яго дуб. – Стары я
стаў. Прыйшоў час саступіць месца маладым. Падштурхні мяне
з гары, бо мне самому адарвацца ад зямлі не хапае сіл.
     Паслухаўся яго вецер. Сабраўшы ўсю сваю моц, ён
падзьмуў на дрэва. Яно затрашчала і са стогнам, ламаючы
галіны, рухнула з гары ўніз.
     Да раніцы бура сціхла. Узышло яркае сонца і цёплымі
жыватворнымі прамянямі сагрэла малы дубочак. Ён з палёгкай
уздыхнуў і выпрастаў свой тонкі ствол, лісцікі ажылі і зноў
зашалясцелі.
      Цяпер на гары расце высокі і магутны малады дуб. Нібы
вартаўнік, велічна ўзвышаецца над старым паркам. Ад
пякучага сонца, злога ветру і праліўнога дажджу ратуе ўсіх гэта
дрэва. (258 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 511 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: