Бацькоўская навука
Сярод лесу стаяла высокая асіна, у якой дзяцел выдзеўб
дупло і зрабіў гняздо. У хуткім часе вывеліся птушаняты. Дзеці
ўбраліся ў пер’е, пачалі вылятаць з гнязда. Наляціць дзятлава
сям'я на дрэва, учэпяцца за шурпаты ствол, а стары дзяцел
аглядае дрэва, дзяўбе кару сваім вострым носам, выцягвае
насякомых. Тое ж робяць і малыя. Толькі адзін малады дзяцел
кару не дзёўб, а прыладжваўся побач з бацькам і настойліва
крычаў, патрабаваў ежы.
Непрыкметна падкралася восень. Праносіліся над лесам
пералётныя птушкі, а хто не пакідаў лес, той рыхтаваўся да
зімы. У каго запас ежы ў кладоўцы, таму мароз не страшны.
Малады дзяцел запасаў на зіму не рабіў, спадзяваўся на
бацькавы запасы.
І вось лёг снег. Забраўся малады дзяцел у пакінутае
шпакамі дупло. Сядзіць там, нічога не еўшы, холад яго
прабірае, чакае дапамогі ад бацькоў. І тут заўважае, што
выскачыла з дупла вавёрка, а ў зубах у яе – яловая шышка.
Скеміў дзяцел, дзе можна пажывіцца.
Аднойчы вавёрка толькі хацела залезці ў дупло, як
заўважыла, што там нехта варушыцца. Гаспадыня
падрыхтавалася да скачка. Але нечакана з дупла выскачыў
малады дзяцел ды як дзеўбане яе ў галаву! Вавёрка ажно
зацокала ад болю. Малады дзяцел тым часам вылецеў з дупла
і сеў на сухі сук, быццам нічога і не здарылася. У той жа момант
да маладога падляцеў стары́ дзяцел. Ён наставіў тырчма пер'е і
злосна закрычаў. Потым яны паляцелі ў ельнік. Стары дзяцел
сарваў доўгім носам шышку, зашчаміў яе ў шчыліну і дзеўбануў
раз-другі. Пасля пачаў гультая па-бацькоўску вучыць, што
трэба самому здабываць сабе ежу. (249 слоў) |