Балотны агонь

Балотны агонь
     Гэтая бярозка толькі нядаўна пачала расці тут. Закрытая,
засіснутая з ycix бакоў старымі дрэвамі, не бачыла яна сонца,
рэдка калі павяваў на яе свежы ветрык. Яна дрэнна ўяўляла
прастор, сонца і, знаходзячыся тут, сярод гэтых дрэў, як
чужаніца, ні з кім не гаварыла пра свае думкі.
     Адна толькі ўцеха падтрымлівала яе. Уночы, калі заціхалі
вакол птушкі i пераставалі гусці і звінець мошкі ды адны толькі
зоркі свяціліся ў небе, гарэў дзесьці агонь, бледны, неразгаданы
i прыемны. I блішчаў той агонь з-пад нізу, з нейкіх невядомых
абшараў зямлі.
    Балота, на якім прыгожа раскінуўся астравок, дзе расла
разам з другімі дрэвамі i гэтая маладая бярозка, здавалася, не
мела канца-краю. Спрадвеку раслі на астраўку розныя дрэвы.
Па краях цягнуліся маладыя i старыя алешыны. Далей
віднеўся цёмна-зялёны пояс елак. Яшчэ крыху вышэй бялелі
стройныя камлі прыгожых бяроз, сярод якіх былі ліпа, граб,
ясень, вяз. На самай сярэдзіне астраўка раслі магутныя дубы.
   Наша маладая бярозка расла па суседству з вязам. Была
поўнач на зыходзе лета. Неба было цёмнае, укрытае хмарамі.
Яно дрыгацела час ад часу, асвятляючыся бліскавіцамі, ад
далёкага магутнага грому. На балоце прыветна мігцеў той самы
агонь.
    Маладая бярозка радасна трымцела, гледзячы на яго.
Абуджаны раскацістым гулам грому вяз запытаўся ў бярозкі:
– Чаму ты не cпiш, дзіця?
    Бярозка здрыганулася i зрабіла выгляд, што спіць і нічога
не чуе.
     – Чаго ж ты саромеешся? – прыветна сказаў вяз. – Ох,
блазнота! Ты ўглядаешся ў балота, цябе прываблівае агонь?
    Вяз памаўчаў, а потым, махнуўшы галінаю, сказаў:
     – Гэта не агонь.
     – Як, гэта не агонь? Гэта не сапраўдны агонь? – тужліва
спытала яна i пачула, што перад ёю як бы адчынілася нейкая
бязмежная цемра.
     – Гэта гнілякі на балоце свецяцца, – зноў прамовіў вяз.
     Доўга яшчэ гаварыў вяз. А бярозка маўчала i не чула яго
слоў. Цяпер ніякай радасці не было ў яе жыцці.
     Калі гэты выпадак стаў вядомы дрэвам, то яны доўга
шумелі i ніяк не маглі прыйсці да згоды: ці добра зрабіў вяз,
развеяўшы гэту мрою, гэту прыгожую мрою кароткага шчасця
беднай бярозкі? (323 словы)
 

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 105 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: