Беларускія гукавыя кнігі

Беларускія гукавыя кнігі
     Развіццё тэхнікі вядзе да змен у сродках
распаўсюджвання інфармацыі. Традыцыйныя формы
друкаванага слова саступаюць месца новым, сучасным
тэхналогіям. Аўдыякнігі – гэта агучаныя прафесійнымі
дыктарамі або акцёрамі творы, якія выдаюцца на лічбавых
носьбітах, хутка распаўсюджваюцца ў свеце. Ужо ад дзесяці да
васямнаццаці працэнтаў сучаснага кніжнага рынку складаюць
менавіта яны. Гукавыя кнігі можна слухаць у салоне
аўтамабіля, у грамадскім транспарце, ідучы па вуліцы, дома ў
сямейным коле.
     Выдаўцы аўдыякніг лічаць, што яны садзейнічаюць
папулярызацыі нацыянальнай літаратуры і развіццю айчыннай
культуры ўвогуле.
     Дзякуючы аўдыякнігам у гукавым фармаце выходзяць
творы сучаснай беларускай літаратуры, найлепшых
прадстаўнікоў замежнай класікі, кнігі для дзяцей. Ужо ўбачылі
свет аўдыяверсіі паэм “Новая зямля”, “Сымон-музыка” Якуба
Коласа, вершаў і паэм Янкі Купалы, вершаў Максіма
Багдановіча, раманаў “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”
Івана Мележа, аповесцей “Палескія рабінзоны”, “У краіне
райскай птушкі” Янкі Маўра. З апошніх буйных праектаў –
выданне айдыякнігі “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра
Караткевіча. Час яе агучвання складае амаль 40 гадзін.
     Выданне беларускіх аўдыякніг мае важнае значэнне ў
пашырэнні ўжытку беларускай мовы. Яе адметнасць
заключаецца ў тым, што гэта літаратура, якая дазваляе пачуць
літаратурнае беларускае слова. Малады чытач, які слухае
беларускія аўдыякнігі, трапляе ў беларускамоўнае асяроддзе,
што садзейнічае як вывучэнню роднай мовы, так і якаснаму
авалодванню ёю, засваенню правільнага літаратурнага
маўлення.
     Начытваюць кнігі знакамітыя беларускія акцёры.
Найбольш плённае супрацоўніцтва атрымалася з прафесарам
Андрэем Калядой – вядомым выкладчыкам сцэнічнай мовы.
Удзельнічаюць у праекце таксама заслужаны артыст Рэспублікі
Беларусь Віктар Манаеў, Мікола Рабычын, Валерый Будзевіч.
Візуальнае аблічча аўдыёкнігі ствараюць вядомыя мастакі.
      Распаўсюджваюцца аўдыякнігі ў асноўным праз кнігарні,
крамы, дзякуючы прыватным распаўсюджвальнікам, а таксама
праз інтэрнэт-крамы. (253 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 140 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: