Бераст і Тавіца

Бераст і Тавіца
     Калі вы завітаеце ў Бераставіцкі раён Гродзенскай
вобласці, то вернецеся адтуль натхнёныя прыродай, адораныя
людской дабрынёй і павагай, узбагачаныя цікавымі легендамі і
паданнямі.
     У старажытнасці тут былі такія густыя лясы, што ні
праехаць ні прайсці. Крыкне чалавек раніцай – рэха цэлы
дзень гудзе па барах, гаях і пушчах. Увечары толькі вяртаецца.
     Праз тыя дзікія лясы працякала паўнаводная рака. Па ёй
можна было праплыць, сігануць, “свіснуць” з краю ў край.
Мабыць, таму яе і назвалі Свіслач. Яна працякае па ўсім
Бераставіцкім раёне і ўпадае ў Нёман, адну з галоўных рэк
Беларусі.
     Аднойчы плылі па той рацэ юнак Бераст і прыгажуня
Тавіца. Маладыя людзі моцна пакахалі адзін аднаго і шукалі
месца, каб збудаваць сабе жыллё. Доўга плылі яны па шырокай
рацэ, потым павярнулі ўправа, як бы ў рукаў, вузкі і ціхі.
Заначавалі Бераст і Тавіца пад зорным небам. Калыханку ім
спявалі звонкагалосыя салаўі. Сон вартавалі белыя бярозы. Тут
маладая сям’я і засталася жыць. А калі ад іх пайшлі дзеці і
пабудавалі побач свае хаты, то паселішча назвалі ад спалучэння
бацькоўскіх імёнаў Бераст і Тавіца – Бераставіца. А рэчцы, якая
прывяла іх сюды, далі імя Бераставічанка.
     Расказваюць, ехаў некалі польскі пан па гэтых краях і
драмаў у брычцы. А фурман час ад часу гучна аб’яўляў:
“Калясім па Бераставіцы Мураванай! Прыехалі ў Вялікую
Бераставіцу! Наперадзе – Малая Бераставіца!” Пан прачнуўся і
здзівіўся: “Я хутчэй па Варшаве праеду, чым праз гэтыя
Бераставіцы!” Не ведаў той замежны вандроўнік, што ў Бераста
і Тавіцы ўтварылася магутнае радаводнае дрэва. Іх радня
засяліла дзясяткі вёсак. (246 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 99 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: