Бярозка на балконе

Бярозка на балконе
    Іван распакаваў невялікі дарожны чамадан і выйшаў на
прасторны балкон санаторыя. Высока над зямлёй насіліся
хуткакрылыя ластаўкі. Вялікім ружовым шарам кацілася за
густую сцяну лесу сонца. І ластаўкі ў небе, і захад сонца
радавалі сэрца. “Нарэшце пасля дажджлівага тыдня
ўсталюецца надвор’е”, – падумаў Іван і павярнуўся, каб ісці ў
пакой. Але не паспеў зрабіць і кроку, як замёр ад здзіўлення.
У кутку балкона расла ладная бярозка. Іван падышоў бліжэй
да дрэўца, замілавана дакрануўся да цёмна-зялёных лісцікаў і
здзівіўся яшчэ болей. Тоненькі стволік маладзенькай бярозкі
браў свой пачатак з невялікай шчылінкі ў бетоне.
    Як трапіла на балкон бярозка? Іван ведаў, што восенню,
калі ападаюць з дрэва лісты, разам з імі ляціць і бярозавае
насенне – лёгкі самалёцік з двума малюсенькімі крыльцамі-
парашуцікамі. Ветрык-гарэза падхоплівае самалёцік, і плыве ён
над лясамі, палямі, аж пакуль не апусціцца на новую мясціну.
Там, дзе ўпала насенне, вырастае бярозка.
    Вось так і апынулася бярозка на балконе. Насенне яе
трапіла ў шчылінку. Але колькі спатрэбілася бярозцы сілы і
мужнасці, каб замацавацца ў бетоне сваімі каранямі! Бярозка
шалясцела лісцікамі, а Іван стаяў і не мог налюбавацца ёю.
    Вечарам, калі пачало цямнець, узняўся вецер. Яркімі
зігзагамі распорвалі неба бліскавіцы, грукацеў гром. Дождж
ішоў цэлую ноч, ліў як з вядра. Такой навальніцы гэтым летам
яшчэ не было.
    Усю ноч стукалася ў акно бярозка, спалоханая моцнымі
перунамі і ліўнем. Калі час ад часу неба падсвечвалася
асляпляльна-яркімі маланкамі, было відаць, як па кары
ручайкамі каціліся слёзы.
    Іван думаў, што бярозка не вытрымае гэтай цяжкай і
жудаснай ночы. Але раніцаю, калі расчысцілася ад хмар неба і
сціхла навальніца, дрэўца зноў засвяцілася радасцю. Весела
зашалясцелі лісцікі, абтрасаючы з сябе апошнія кроплі
навальніцы. (268 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 291 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: