Бясхвосты шпак

Бясхвосты шпак
      Вясна была ў поўным разгары, і шпакі спяшаліся
аблюбаваць сабе жытло. Але чамусьці яны абміналі шпакоўню
каля сада. Нават вераб’і не пажадалі заняць вольную
жылплошчу. “Можа, дзірка занадта вялікая,” – выказаў сваё
меркаванне Ігар.
      I вось аднойчы дзеці ўбачылі шпака, які сеў на гэту
шпакоўню. Гэта быў нейкі дзіўны шпак, вяртлявы, неспакойны
і баязлівы. А яшчэ ён дзесьці страціў свой хвост і таму выглядаў
даволі смешна. Спачатку бясхвосты з прыдзірлівай
падазронасцю агледзеў шпакоўню звонку, нібы баючыся хітрага
падвоху. Потым з яшчэ большай асцярожнасцю пераскочыў да
квадратнай дзіркі. Нарэшце ён асмеліўся зазірнуць у акенца і,
пераканаўшыся ў сваёй бяспецы, нырнуў у шпакоўню. Дзеці,
узрушаныя і заінтрыгаваныя, назіралі далей. Іх турбавала адно:
чым закончацца агледзіны?
       Праз хвіліну-другую бясхвосты выскачыў са шпакоўні, ён
па-ранейшаму быў нейкі ўзбуджаны і яршысты. Шпак узляцеў
на шпакоўню, агледзеўся і тут жа ўзняўся ў паветра. Але ён
хутка вярнуўся з доўгай саломінкай у дзюбе і ўжо без усякай
асцярожнасці нырнуў у шпакоўню. «Ага, не ўцёк!» – дзеці
ледзьве стрымаліся, каб сваімі крыкамі радасці не спужаць
доўгачаканага навасёла.
      Шпак пачаў будаваць гняздо. За першай саломінкай ён
хуценька прынёс поўную дзюбу сухой травы, потым яшчэ.
Бясхвосты лётаў, нібы апантаны, і зносіў у шпакоўню ўсё, што
траплялася яму ў дзюбу: і салому, і сухія травінкі, і курынае
пер’е. Ён вельмі спяшаўся, быццам баяўся, што яго могуць
апярэдзіць і ён не паспее зладзіць сваё гняздо.
     I тут здарылася неверагоднае. Спачатку ад шпакоўні
адвалілася донца. За донцам шухнула саламяна-травяное
гняздо, адразу ж падхопленае раптоўным парывам ветру.
Услед за донцам і гняздом сігануў уніз бясхвосты. Ён
бездапаможна перакуліўся ў паветры, страшна перапалоханы
такой неспадзяванкай, але тут жа стаў на крыло, зрабіў круты
віраж, жаласліва свіснуў і адчайна паляцеў увысь. Толькі яго і
бачылі.
      Дзеці знялі шпакоўню і пачалі яе рамантаваць. (286 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 179 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: