Бясплатны паказ

Бясплатны паказ
     Быў у Юрася кот. Чорны, з дзвюма белымі лапінамі: адна
была на правым баку, а другая – на лбе. Кот быў шкодны: лазіў
па гладышах з малаком, суседзі не раз скардзіліся, што ён
курыныя яечкі цягае. Калі маці Юрася, падаіўшы карову,
прыносіла ў хату цёплае малако, кот цёрся каля яе ног, гучна
мяўкаў, пакуль не атрымліваў сваю порцыю. Часам здаралася,
што яму не адразу налівалі малака, дык ён тады такі роў
узнімаў, што хоць з хаты ўцякай.
     Было лета. Неяк Юрась заўважыў, што кот каля склепа
забаўляецца: то падскоквае, то прыпадае да самай зямлі.
Хлопец падумаў, што кот злавіў мыш і гуляе з ёю. Але назаўтра
Юрась зноў заўважыў тое самае, здзівіўся і ўзлез на невысокі
плот, каб глянуць, што здарылася. Спачатку хлопцу здалося,
што кот забаўляецца з нейкім выгнутым кійком. Але раптам
кіёк узняўся. Здзіўлены Юрась працёр вочы. Кіёк варушыўся.
Кот забаўляўся з вужом, ладным, з чырвонымі завушніцамі.
Калі вуж узнімаў галаву і разяўляў рот, кот адскокваў. А вуж
хуценька адпаўзаў і з другога боку краўся да ката.
Сустрэўшыся, яны на нейкі момант застывалі на месцы, а
потым кідаліся прэч адзін ад аднаго. А то вуж скручваўся і
ляжаў спакойна. Тады кот асцярожна падпаўзаў да яго і,
выцягнуўшы лапу, торгаў, нібы казытаў. Вуж узнімаў галаву,
выпростваўся і, як гімнаст, выгінаўся ўсім тулавам. Кот тады
пераскокваў цераз яго і наступаў з другога боку.
     Доўга яны так забаўляліся. Потым Юрась шыкнуў. Кот,
нібы яго заспелі на нейкім злачынстве, скокнуў у бульбянік. А
вуж шмыгнуў пад страху склепа. (247 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 351 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: