Бяздоннае багацце

Бяздоннае багацце
     У Тураве жыў калісьці князь Яраслаў. Быў ён багаты i
мудры i людзей каля сябе збіраў разумных ды дужых.
     Неяк князь з гасцямі паехаў на паляванне біць цецерукоў
і дзікіх вепраў. Многа было ўжо ўпалявана ўсялякай дзічыны.
Раптам Яраслаў убачыў вялізнага старога тура i пагнаўся за ім.
Некалькі гартаваных князевых стрэл упілося ў цела тура, але
звер з падвоенай сілай уцёк ад паляўнічага. Тады князь пачаў
паганяць свайго каня, каб дагнаць тура.
     Раптам тур спыніўся i павярнуўся ў бок князя. Конь з
разгону наскочыў на тура i заваліўся, прыціснуўшы пад сабою
седака. Яшчэ хвіліна – i князь паплаціўся б жыццём. Але хутка
падаспеў загоншчык Ранцэвіч і дапамог князю. Яраслаў
вырашыў узнагародзіць загоншчыка i сказаў, каб той прыйшоў
у абоз па ўзнагароду.
     Калі Ранцэвіч прыйшоў у князеў абоз, Ярас лаў паставіў
перад ім скрынку з залатымі чырвонцамі і сказаў:
     – Бачыш, многа тут золата, але жыццё даражэй. Бяры,
колькі хочаш.
Загоншчык быў чалавекам мудрым. Ён узяў кіёк,
разгарнуў чырвонцы, каб кіёк упёрся ў дно скрынкі, і сказаў:
     – Праўда, князю, тут многа золата, але ўсё ж такі дно
можна дастаць. Тваё залатое багацце не вечнае, калі-небудзь
прыйдзе канец яму. Золата больш патрэбна князю, а не
простаму чалавеку. Дай ты мне, княжа, такі дар, каб я ў ім дна
знайсці не мог.
     Князь задумаўся i сказаў:
     – Каб я сабраў усё сваё багацце, то i тады дно яму
знойдзеш.
     Засмяяўся загоншчык:
     – Пойдзем, князь, я табе пакажу бяздоннае багацце. – I
выйшаў на двор, узяў лавецкі меч i ўвесь уваткнуў у зямлю.
     – Вось тваё, княжа, багацце, у якім дна няма: яно аратаму
больш даражэй, чым тыя чырвонцы. Грошы могуць украсці, а
зямлю ніхто не ўкрадзе.
     Засмяяўся князь. Спадабалася яму мудрасць загоншчыка.
І ён сказаў:
     – Праўду гаворыш, дам табе зямлі аж на дзясятае
пакаленне.
     Напісаў князь дароўную грамату мудраму загоншчыку
Ранцэвічу.
     Дагэтуль жывуць у вёсцы Вялемічы ў вялікай пашане
Ранцэвічы. Перадаюць яны з роду ў род дароўную грамату
князя Яраслава і расказваюць пра свайго мудрага прашчура.
(320 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 59 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: