Буся

Буся
     Юлька знайшла бусляня ў траве ў суседнім двары. Хоць
было яно добра аперанае, але не магло яшчэ стаяць на цыбатых
нагах, па́дала то на адзін, то на другі бок.
     Дзяўчынка сядзела на падлозе, гладзіла мокрыя
птушыныя пёры і радавалася: такога ў яе жыцці яшчэ не было!
Некалі, праўда, дзядзька Арсен даў патрымаць дзікае качаня,
аднойчы злавіла на гарышчы галубку, а вось каб бусел!
     Апоўдні, пачуўшы пра навіну́, у хату зайшоў дзед Нупрэй.
Моўчкі кіўнуў галавою, прысеў на лаву і стаў расказваць пра
тое, што буслы могуць скінуць з гнязда птушанят, калі
чакаецца сухмень.
     Юлька прапанавала падсадзіць бусляня ў буслянку.
Аднак дзед Нупрэй папярэдзіў, што дарослыя птушкі могуць
яго задзяўбаць. Стары параіў самім выхадзіць бусляня, карміць
яго бульбай, рыбай.
     Задаволеная Юлька адгарадзіла для бусляняці закуточак.
Хутка ўся вёска ведала пра Юльчыну радасць. Вярнуўшыся з
поля, маці ўбачыла поўную хату дзяцей. Пасярод кухні стаяла
міска з рыбай, а Буся, абсохлы і папрыгажэлы, цікаўна
паглядаў на малых.
     Праз тыдзень Буся зусім прызвычаіўся да новага жыцця,
пасябраваў не толькі з Юлькай, але і з катом Мікітам. I Юлька
ўсё часцей выводзіла бусляня за вароты. Яны звычайна ішлі
спачатку на прычал, дзе ў рыбацкіх лодках можна было
знайсці якую-небудзь спажыву. Буся няўклюдна бегаў за
Юлькаю, смешна дапамагаючы крыламі.
     Аднойчы ён не разлічыў, разбегся мацней, чым звычайна,
і праляцеў ажно да самага ўзлеска.
     А той дзень Юлька ніяк не магла забыць. Буся хадзіў па
траве і збіраў цвыркуноў, а Юлька рвала шчаўе. Раптам яна
пачула вясёлы бусліны клёкат. Падумала спачатку, што гэта
Буся, але, азірнуўшыся, убачыла: высока ў небе кружылі
Нупрэевы буслы, а бусліха стаяла ў гняздзе і клекатала на ўсю
ваколіцу.
     Буся не вытрымаў, неяк таропка разбегся і нечакана
падняўся на пругкае крыло. Зрабіў над выганам круг і ўзяў
кірунак да Нупрэевай хаты. Юлька бачыла, як ён там, у небе,
далучыўся да сваіх, згубіўся ў тым гурце, і праз хвіліну ўжо не
разабраць было, каторы з іх Буся.
     Юлька да самага вечара прасядзела на выгане, чакаючы,
што Буся вернецца. Але ён не вярнуўся. I Юльцы было радасна
і тужліва. (335 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 279 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: