Чым пахне дождж?

Чым пахне дождж?
     Вельмі хораша нашы продкі калісьці сказалі пра моцны
дождж: лье як з вядра. Стаіш пад такім незвычайным дажджом
і табе на самой справе здаецца, што нехта перакуліў на цябе
вялікае і бяздоннае вядро з вадою. Імклівы вадаспад (а можа,
гэта ўсяго толькі тваё намоклае адзенне) прыгінае цябе да
зямлі, і табе да смешнага верыцца ў тое, што такі лівень можа
нават паваліць на зямлю.
     Звычайна кожны дождж пахне своеасабліва, па-свойму. І
гэты пах абавязкова залежыць ад пары года і ад таго, у якім
месцы ён цябе застаў. Калі гэта было ў самую квецень садоў і
ты стаяў, хаваючыся ад яго, пад яблыняй, грушай ці вішняй у
садзе, а буйныя кроплі, збіваючы цудоўныя пялёсткі, абтрасалі
з кволых тычынак на цябе, мокрага, жоўты кветкавы пылок,
які прыліпаў да твару і валасоў, да адзення і абутку, – такі
дождж, зразумела, пах садам у квецені.
     Калі ж увосень ён заставаў цябе на полі, каля задумлівага
агню, дзе ў прысаку ўжо даходзіла печаная бульба, тады дождж
(і ніколі нават не сумнявайся) абавязкова будзе пахнуць
прыемным, цеплаватым дымком, а таксама той духмянай
лёгкай парай, якая выбухае з-пад жоўтай і хрумсткай
бульбяной скарынкі, калі яе раптам хутка разломіш.
     У жніво дождж пахне свежаю саломаю і даспелым
коласам, у пару сенавання – прывялай травой, восенню –
пераспелымі слівамі, яблыкамі, бульбоўнікам.
     Сённяшні дождж, здаецца, нічым не пах. Проста ён
маладзіў, асвяжаў зямлю, якая даўнавата ўжо чакала такой
добрай ласкі. І, можа, яшчэ крышачку пах свежасцю –
менавіта так пахнуць ранняй вясною аблагоджаныя пралескі,
калі іх раптам унясе нехта ў хату. (250 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 290 | Рейтинг: 4.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: