Далікатны госць

Далікатны госць
      Доўгая зацяжная спёка і духата стамілі людзей і прыроду.
Усё чакала дажджу. І вось спачатку недзе далёка пачалі
ўспыхваць зарніцы, пачуліся прыглушаныя раскаты грому.
Алесь сядзеў на ганку і назіраў за гульнёй зарнічных сполахаў.
Моцна захоплены нябесным буйствам, ён не заўважыў, як да
яго завітаў нечаканы госць. Ціхае папіскванне прымусіла
схамянуцца. Каля ганка стаяў сабака і ўважліва і запытальна
глядзеў на чалавека.
      Што госць не з тых галодных выгнаннікаў, якія бегаюць
па дварах, сведчылі парода і новы скураны ашыйнік, аздоблены
латуннымі бляшкамі. Між тым наляцеў моцны шквалісты
вецер і пачаўся сапраўдны лівень.
      – Хадзем у хату, бо тут мы абодва вымакнем, – паклікаў
гаспадар хаты сабаку і адчыніў дзверы на веранду. Той адразу
зразумеў запрашэнне, скочыў цераз прыступкі і спыніўся на
ганку. Далей не ішоў. Гаспадар вырашыў прыманіць сабаку
каўбасой. Аднак каўбасу той толькі панюхаў і адвярнуў галаву.
Тады Алесь успомніў, што яго гарадскі сусед карміў свайго
сабаку крупнікам. Можа, і гэты прывык да такога корму? На
пліце ў кухні стаяла каструля з гарохавым супам. Хлопец
падагрэў суп, пераліў у міску, вынес на ганак. Сабака панюхаў
і пачаў прагна хлябтаць. Вылізаў пасудзіну і ўлёгся пад лаўку
на верандзе.
      Пасля навальніцы спалася моцна, але Алесь, як
звычайна, прачнуўся рана і пайшоў на веранду. Першая яго
турбота была: як адчувае сябе далікатны госць? Але таго нідзе
не было. Няўжо збег цішком? Не, сабака панура стаяў каля
расчыненых веснічак. Убачыў гаспадара гасціннай хаты,
павесялеў і пабег на дарогу. Вось якая ўдзячнасць! Не мог
сысці, не развітаўшыся з тым, ад каго меў ласку. (249 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 202 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: