Дапамаглі

Дапамаглі
     Сябры Міця і Валерка выйшлі з вагона, перайшлі
чыгуначныя пуці і амаль адразу ж апынуліся ў лесе. Мясціны
гэтыя былі добра знаёмы і Міцю, і Валерку. Разам з бацькамі
яны часта прыязджалі сюды ў грыбы і ягады.
      Мінуўшы лагчынку, дзе моцна пахла ігліцай, мохам і
грыбамі, сябры выйшлі на вялікую прагаліну, парослую светла-
зялёным чарнічнікам. На ягадніках карміліся чародкі драздоў.
Спелыя ягады тут былі абабраныя, заставаліся толькі дробныя
і зялёныя. На вышэйшых мясцінах трапляліся цэлыя вывадкі
жоўтых лісічак. Неўзабаве вёдры ў хлопцаў былі напоўнены імі
амаль напалавіну. Больш лісічак сябры не бралі. А можа,
баравікі трапяцца!
     Трэск сухога галля прымусіў хлопчыкаў прыслухацца.
Зусім блізка пачуўся тупат, і з кустоў выйшла ласіха. Валерка
хацеў нешта крыкнуць, але ад страху страціў голас.
Ласіха стаяла як укопаная. Яна часта дыхала, запалыя
бакі яе хадзілі хадуном.
     — Не бойся,— Міця паклаў руку Валерку на плячо.— Ласі
на людзей не нападаюць.
     Хлапчукі саступілі лясному жыхару дарогу і падаліся
ўправа. Але не паспелі яны зрабіць і двух дзясяткаў крокаў, як
ззаду зноў пачуўся тупат. Ласіха забегла ім наперад. На гэты
раз хлапчукі здагадаліся, што ў ласіхі здарылася нейкая бяда і
яна просіць у іх дапамогі. Міця зрабіў да яе крок, і яна тут жа
павярнула назад, пайшла ў драбналессе на высечках. Міця і
Валерка рушылі следам. Так яны ішлі за ёю хвілін дзесяць.
Нарэшце ласіха спынілася. Проста перад ёю, у глыбокай яме,
зарослай дробнымі кустамі і ягаднікам, хлапчукі ўбачылі
маленькае мышастае ласяня. Яно тапталася на цыбатых
ножках, спрабавала выбрацца, але гэта яму ніяк не ўдавалася.
     Міця з Валеркам моўчкі пераглянуліся, паставілі вёдры на
зямлю і ў момант скаціліся ў яму. Ласяня глядзела на дзяцей
даверліва і нібы дапытліва.
      Ласіха ўвесь гэты час неспакойна тапталася каля ямы і не
зводзіла вачэй з хлапчукоў і малога.
Міця і Валерка дружна падхапілі ласяня. Яно ўсё
задрыжала, потым пачало часта перабіраць нагамі,
чапляючыся вострымі капыцікамі за край ямы. Яшчэ
намаганне – і ласяня было наверсе.
       Калі хлапчукі вылезлі з ямы, ласіха з ласянём адышліся
ўжо далёка. Маці ішла наперадзе, высока ўзняўшы прыгожую
галаву. Ласяня ледзь паспявала за ёю. (336 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 168 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: