Дарога дадому

Дарога дадому
     Калі Ігнась прадраўся праз густыя кусты крушынніку,
перад ім адкрылася нешырокая лугавіна, якая слалася між
дзвюма сценкамі лесу ў адзін і ў другі бок. На лугавіне зелянеў
роўны майскі травастой. Каля лесу трава была невысокая і
рэдзенькая, дзе-нідзе, нібы зялёныя вожыкі, вытыркаліся
буйнаватыя купінкі кругляцу. На другім баку лугавіны цямнеў
алешнік, за ім цягнуліся ўверх кучаравыя хвоі ўперамешку са
светла-зялёнымі бярозамі.
      За гэтым лесам – яго родная вёска! З грэбелькі ў яго вёску
вядзе каляіністая дарога. Ступіш на яе – і менш чым праз
гадзіну ты дома…
     Між прысадзістых цёмных елак у вочы кінуліся
галінастыя кусты арэшніку. Там некалі малым шукаў ён у
густой лістоце арэхі. Каб іх дастаць, падскокваў, хапаўся за
таўставатую, не вельмі падатную галіну і лез уверх, пакуль яна
не згіналася так, што яго ногі датыкаліся да зямлі. Уперадзе
віднелася даўняя Ігнасева знаёмка: незвычайна вялікая,
раздвоеная ад сярэдзіны, вельмі разгалістая хвоя. Малым ён
збіраўся пашукаць там гняздо дзікіх галубоў, што выпырхвалі
з яе дупла.
     З гушчару Ігнась вельмі скора выйшаў на шырокія лугі-
пералогі. Бязмежныя лугавыя прасторы раскінуліся ў
паўднёвым ад вёскі баку.
     Родная вёска! Няўжо гэта сапраўды, а не ў сне бачыць яе
ён сёння? Тут жа пад зычнае кігіканне кнігавак і многагалосыя
жабіны хоры хадзіў-гуляў ён некалі з касой, зграбаў у стагі
мурожнае сена, сустракаў золкія росныя раніцы і ясную
чырвань вячэрніх зарніц.
     Ігнась пастаяў каля лесу, прыслухаўся. Цішыня.
Хілячыся бліжэй да хмызняку, пайшоў травяным грудам. Каля
ясеневых кустоў убачыў знаёмае счарнелае вогнішча, сіўцовае
куп’ё.
     Гэта вогнішча, гэта куп’ё – жывы напамін пра яго
дзяцінства і маладосць. (250 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 310 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: