Дарога дадому

Дарога дадому
      Стары бабёр выправіўся ў дарогу цёмначы. У балотнай
лагчыне, парослай алешнікам, жыла іх невялікая калонія. Тут
мала хто хадзіў, мала хто ездзіў, і яны жылі тут спакойна, без
клопату. Тут была іх маленькая радзіма.
      Але стары бабёр ведаў, што сюды яны прыйшлі. Прыйшлі
з вялікай, прасторнай рэчкі, не раўня гэтаму раўчуку, які праз
пяць кіламетраў прападае ў чыстым полі.
      Паўз лес была дарога да вялікай рэчкі, дзе жылі спрадвеку
вольна і спакойна бабры. Стары бабёр памятаў і ведаў гэта.
Цяпер ён сабраўся пайсці туды. Ён шукаў дарогу да свайго
прасторнага спрадвечнага пасялення.
      Ісці трэба было цяпер. Стары бабёр не ведаў, ці застанецца
ў яго сіла, каб прывесці туды сваю сям’ю, пабудавацца і
пакінуць іх там, на спрадвечным месцы. А зрабіць гэта можа
толькі ён адзін, бо ён памятае пра тое, што яму расказвалі яго
бацькі, і толькі ён адзін можа знайсці туды дарогу. Ён хацеў
вярнуцца назад, туды, дзе было так вольна і шчасліва.
      Стары бабёр ішоў павольна, бо хадзіць бабры не любяць і
не ўмеюць. Ідуць толькі тады, калі няма ўжо другога выйсця.
      Ішоў бабёр упарта, цвёрда. Не спыніў яго і сабака, які
заступіў яму дарогу і гаўкаў, гаўкаў, не даючы праходу.
Неўзабаве перад ім пачалася вузкая, метры на паўтара, палоска
чыстай вады, над якою нахілілася асака.
      Стары бабёр амаль подбегам кінуўся да вады, ад радасці
забыўшыся на асцярогу, ныраў, быццам не верыў, што
скончылася нарэшце яго сухая дарога. Толькі калі нацешыўся,
спахапіўся і ціха, так, што не аставалася на вадзе следу, паплыў
на агледзіны возера.
      Пасля абеду ён перайшоў грэблю і падаўся далей па
крыніцы, якая канчалася ў лагчыне, парослай маладымі
кустамі лазняку. Але там стары бабёр натрапіў на канаву,
вялікую, з зарослымі травою берагамі. Канава была дастаткова
шырокай, у ёй можна было плысці, таму стары бабёр апусціўся
ў ваду і паплыў насустрач халоднай плыні.
      На гэтай канаве і пераначаваў стары бабёр. Назаўтра ён
яшчэ раз абышоў і агледзеў усё навокал, пасля гэтага сабраўся
і той самай дарогай пайшоў назад. Хутка ён прывёў з сабою на
новае селішча двух маладых баброў. (335 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 150 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: