Дома

Дома
     Няма нічога лепшага за раніцу ў роднай матчынай хаце.
Маці ўжо даўно ўстала і асцярожна, каб не разбудзіць, ціхенька
тупае па хаце. Яна назбірала бульбы, перамыла яе і цяпер
перакладвае дровы ў печы. Нават і так, лежачы ў пасцелі з
заплюшчанымі вачыма, можна зноў бачыць, як яна паскладала
паленцы, варушыцца ля печы. І матчыны словы, і ласка яе, і
такі знаёмы дамашні пах зноў вярнулі Івану адчуванне радасці
жыцця. Ён зноў дома і бачыць клапатлівую немітуслівую
матчыну работу. Яна ёсць, жывая, усё такая ж руплівая,
ашчадная, з заціснутымі пад хустку валасамі.
     І ён успомніў пра той страх, што часам надыходзіць на яго
там, у Мінску, калі доўга няма ад яе пісем. Парадаваўся гэтаму
страху, таму што ён ёсць, што гоніць яго на вакзал, у цягнік.
А пасля – гэтыя дзесяць кіламетраў, калі бяжыш усё хутчэй і
хутчэй, баючыся, каб хаця з ёй усё было добра, і не верыш у
сваю боязь. А потым на дварэ, пастукаўшы ў шыбу, напружана
чакаеш, калі пачуецца лёгкі шоргат і жывое варушэнне на
печы. Блісне святло – і вось ужо ён абнімае яе – цёплую ад
печы, маленькую, бездапаможна зажмураную ад яркага
святла, адчувае шурпатасць яе разагрэтай сном мяккай шчакі
і пакатасць вузкіх прыгорбленых плячэй.
     Супакоеная, радасная, што прыехаў сын, яна думае пра
дзяцей, і ёй прыемна думаць, бо гэтыя думкі адкрываюць ёй
яе самую не такой, якой яна прывыкла сябе лічыць,
маленькай, слабай, а другой – моцнай, упэўненай, прыгожай.
     Усё жыццё ёй было некалі думаць пра сябе. Маці заўсёды
думаюць пра дзяцей, і толькі пасля пра сябе. (250 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 196 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: