Ефрасіння Полацкая

Ефрасіння Полацкая
     З мінулых стагоддзяў дайшлі да нас імёны выдатных
дзеячаў беларускай культуры. Сярод іх асобае месца займае імя
Ефрасінні Полацкай. Нарадзілася яна ў сям’і князя Святаслава-
Георгія і даводзілася ўнучкай аднаму з полацкіх князёў,
славутаму Усяславу Чарадзею. Дзяўчынку назвалі Прадславай.
Слава пра розум і прыгажосць полацкай князёўны разнеслася
далёка па славянскіх землях. Калі Прадславе споўнілася
дванаццаць гадоў (у той час дзяўчынка ўжо лічылася
нявестаю), у Полацк зачасцілі сваты. Бацькі меркавалі выдаць
дачку замуж за сына нейкага багатага і славутага князя. Аднак
Прадслава абрала сабе іншы шлях: князёўна пайшла ў
манастыр і прыняла пострыг пад імем Ефрасінні.
     Спачатку маладая манашка перапісвала і перакладала з
іншых моў кнігі і, як лічаць некаторыя гісторыкі, вяла Полацкі
летапіс. Праз некалькі гадоў духоўнага ўдасканалення яна
заснавала ў Полацку жаночы, а затым і мужчынскі манастыры.
Пры іх Ефрасіння адчыніла скрыпторыі – майстэрні па
перапісванні кніг, а таксама і школы, у якіх дзеці авалодвалі
граматай, вучылі гісторыю, грэчаскую і лацінскую мовы,
спасцігалі навуку красамоўства. Асветніца нястомна збірала
вакол сябе таленавітых людзей, таму яе можна назваць нашай
першай мецэнаткай. Па яе заказе ў Полацку быў пабудаваны
сусветна вядомы Спасаўскі сабор, распісаны ўнікальнымі
фрэскамі. З імем асветніцы звязана і стварэнне славутага
крыжа – шэдэўра старажытнабеларускага ювелірнага
мастацтва.
     Ефрасіння Полацкая стала адной з першых жанчын на
ўсходніх землях, якая была прылічана да святых, нябеснай
заступніцай усёй беларускай зямлі. Вечную памяць і любоў
народа яна заслужыла сваім ахвярным жыццём, якое
прысвяціла асвеце нашых продкаў. (252 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 106 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: