Экзамены

Экзамены
     Назаўтра атрымаў Лабановіч пакет, у якім паведамлялася,
калі i дзе будуць праводзіцца экзамены. Экзамены назначаліся
на панядзелак, а ехаць трэба было па чыгунцы вёрст за
пяцьдзясят... У той жа самы дзень, калі было атрымана
паведамленне, прыйшлі i вучні. Яны дамовіліся з настаўнікам,
што паедуць у суботу вечарам.
     У нядзелю рана, на ўсходзе сонца, настаўнік са сваімі
вучнямі садзіўся ў вагон. Поезд крануўся з месца.
     Лабановіч стаяў каля расчыненага акна. Штосьці
прыемнае і радаснае западала яму ў душу ад тых новых
малюнкаў i ад гэтага размашыстага бегу машыны. Хутка
адыходзіла назад станцыя з высокай вадакачкай,
закрываючыся свежай зеленню раслін. Рассыпаючы сноп
залатых стрэл, велічна выплывала сонца з-за краю зямлі над
прасторамі зялёнага палескага мора. Хутка з’яўляліся і знікалі
ўсё новыя i новыя малюнкі гэтага зачараванага краю. Балоты
з густымі зараслямі лазы і кустоўніку рассцілаліся
шырачэзнымі круглымі абшарамі, па краях якіх ледзь віднеліся
зубчастыя цёмныя палоскі лясоў. Балоты канчаліся, каля
дарогі ўставалі высокія сцены бору, які перасякаўся вясёлымі
палянкамі. Там-сям віднеліся на ix людскія будынкі, а бярвенні
гэтых будынкаў, асветленыя сонцам, здаваліся маршчынамі на
разумным твары чалавека, які многа думае і разважае.
Вясёлыя палянкі абводзіліся аправаю пышна-зялёных
хвойнікаў на жоўценькім пясочку. А як прыгожа вілялі i беглі
ў хвойніку каляінкі вясковых дарожак і сцежак, па якіх так
рэдка праязджаў сялянскі воз! Вельмі родным, мілым, даўно
знаёмым веяла ад аксамітных абрысаў маладога жыта і ад
кволых бледна-вясёлых усходаў ранніх аўсоў.
     Лабановіч стаяў каля акна, як зачараваны, i не адводзіў
вачэй ад простых малюнкаў Палесся, поўных невыразнага
хараства і жыцця. Стаяў да таго часу, пакуль поезд не стаў
набліжацца да той станцыі, дзе трэба было выходзіць.
     Выйшлі з вагона i пайшлі шукаць школу. Школа была не
вельмі далёка ад станцыі, і шукаць яе прыйшлося нядоўга.
     Школа была зачынена. Лабановіч пастукаў, крыху
пачакаў, але ніхто адтуль не адклікаўся. Нарэшце Лабановіч
убачыў званок. Пазваніў.
     Тут жа адчыніліся дзверы i пачуліся рашучыя крокі, з-за
дзвярэй хтосьці строга запытаўся:
     – Хто?
     – Цельшынская школа. (315 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 199 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: