Гарэза

Гарэза
     Людзей вавёрка Гарэза заўважыла здалёк. Яны сядзелі на
нейкім бервяне, што плавала пасярод ціхай затокі, трымалі ў
руках доўгія, гнуткія і прамыя палкі. Вавёрка прыгледзелася,
стала сачыць за паводзінамі гэтых двухногіх істот. А яны так
захапіліся сваёй справай, што на бераг не аглядваліся. Звярок
супакоіўся і пабег далей, не забываючы зазіраць ва ўсе куткі,
каб знайсці нешта ядомае.
     На палянцы па-над абрывам увагу Гарэзы прыцягнуў
нейкі дзіўны прадмет. Вавёрка ўжо хацела прабегчы міма, ды ў
нос ёй ударыў моцны прывабны пах нечага ядомага, вельмі
смачнага. Ішоў ён якраз ад таго прадмета. Гарэза азірнулася на
людзей. Тыя па-ранейшаму сядзелі спінамі да берага. І вавёрка
асмелілася.
     Яна падбегла да палаткі, зазірнула за адхілены полаг:
нікога. А ў куточку горкай ляжалі нейкія прадметы і да знямогі
вабілі сваім пахам. Не задумваючыся, падскочыла да іх, упілася
зубкамі-іголкамі ў чорны бохан. Спадабалася, і вавёрка з
вялікай асалодай грызла і грызла скарынку, глытала мякіш.
Забылася пра ўсё на свеце: пра асцярожнасць, пра тое, што
побач людзі. Апамяталася толькі тады, калі нехта рэзка адхіліў
полаг, выдыхнуў знянацку: “Ой!”
     Гарэза падскочыла. Ад страху і нечаканасці яна на
імгненне страціла арыенціроўку, разгублена забегала па
сценках палаткі, забылася, дзе і выхад. Нарэшце выслізнула
міма чалавека на вуліцу і доўгімі скачкамі накіравалася да лесу.
Ускочыла на бліжэйшы дубок і толькі тут азірнулася.
     Людзі і не думалі яе лавіць. Яны стаялі каля сваёй палаткі
і гучна рагаталі, паказваючы на яе рукамі. Пасля наблізіліся і
доўга з цікаўнасцю разглядалі маленькага злодзея.
     Нарэшце вавёрка супакоілася, перастала калаціцца яе
маленькае сэрца. Яна агледзелася, пераскочыла на суседнюю
бярозку і паскакала з вяршыні на вяршыню ў глыб густога
лесу. Аглядваючыся, бачыла, як людзі прыветна махалі ёй
услед рукамі. (274 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 350 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: