Гарэза і чмель

Гарэза і чмель
     Сонечным ранкам вавёрка Гарэза гуляла на хваі́не, голле
якой нізка схілялася над палянай. Промні хутка абсушылі расу
на траве, і паветра напоўнілася гудзеннем насякомых. Міма
вавёркі праносіліся жоўтыя восы, клапатлівыя пчолы, тоўстыя
чмялі.
     Гарэзу зацікавіў вялікі чмель, які віўся пад хвояй,
даследаваў блакітныя ліхтарыкі званочкаў. Вавёрка хуценька
збегла ўніз і пачала асцярожна падкрадацца да чмяля.
Страшнавата было, але жадання пазнаёміцца Гарэза стрымаць
не магла.
     Вось чмель сеў на званочак. Пад яго цяжарам тонкая
сцябліна схілілася амаль да зямлі. І чмель апынуўся перад
самым вавёрчыным носікам. Незнаёмец быў прыгожы і
велічны: пушысты, цёмны, з жоўтымі меткамі-палоскамі.
Варсінкі на ўчэпістых лапках абсыпаны жоўтым пылком.
     Гарэзе нясцерпна захацелася пакратаць гэтага
прыгажуна. Вавёрачка асцярожна панюхала яго і раптам
маланкай адскочыла ўбок: нешта балюча апякло носік.
     З сярдзітым цакатаннем уцякала Гарэза з паляны.
Апамяталася толькі ў дупле. Нос гарэў агнём, боль
невыноснымі ўколамі адбіваўся ў галаве. Паспрабавала церці яе
лапкамі, але стала яшчэ горш. Вавёрачка выслізнула з дупла і
пачала насіцца па галінках, быццам хацела ўцячы ад
нясцерпнага болю. Рух крыху дапамог, ды навалілася
нечаканая стома. Хістаючыся на аслабелых лапках, Гарэза
ледзь дасягнула ліпняку і ўткнулася носікам у вільготную
траву.
     Апрытомнела вавёрачка толькі пад вечар. Боль крыху
адлёг, затое ўвесь носік распух, сталі нейкімі чужымі шчокі,
шыя. Да таго ж пры спробе нешта разгрызці моцны боль
пранікаў ва ўсе клетачкі цела.
     Пакуты скончыліся толькі праз тыдзень. Чмялёў пасля
гэтага здарэння Гарэза ўзненавідзела. Баялася нават далёкага
іх гудзення, адразу хавалася. Ніяк не магла ўцяміць аднаго: як
невялічкая істота можа так балюча драпацца? І чаму яна такая
злосная? (254 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 222 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: