Гісторыя пра Крата і Чалавека

Гісторыя пра Крата і Чалавека
      Жыў-быў Крот. Дом яго знаходзіўся глыбока пад зямлёй
вялікага саду. Здавалася Крату, што ўладанні яго бязмежныя.
Але аднойчы ўбачыў гэты сад Чалавек і вырашыў пабудаваць
побач свой дом.
      Пачалося будаўніцтва. Пачуў Крот незнаёмы шум і
вырашыў дазнацца, што наверсе дзеецца. Дачакаўся
змяркання і раскапаў ход наверх. Прысеў перадыхнуць на свой
земляны пагорак і прыкмеціў вялікі дом. Спадабаўся Крату
дом, і вырашыў ён штовечар правяраць, што адбываецца на
зямлі.
      А Чалавек дабудаваў дом і захацеў зрабіць вялікі кветнік.
У зямлі, якую апрацоўваў Чалавек, з’явілася яшчэ больш
насякомых, якіх так любіў Крот! Аднойчы Крот цэлую ноч
будаваў свае падземныя хады-пасткі. А да раніцы так стаміўся,
што прылёг адпачыць і зусім нечакана для сябе заснуў.
      Надышла раніца. Абудзіла Чалавека сонейка, выйшаў ён
палюбавацца сваімі кветкамі. Убачыў на лужку мноства
пагорачкаў, але нават засмуціцца не паспеў, бо заўважыў
маленькага Крата, які соладка спаў на адным з іх. Чалавек так
здзівіўся, што прысеў побач і стаў з цікавасцю разглядваць
Крата: яго маленькую галоўку з невялікім выцягнутым
носікам, кажушок, ледзь прыкметныя малюсенькія вочкі,
схаваныя ў цёмным футры, маленькія вушкі, кароткі хвосцік.
Пярэднія лапкі звярка нагадалі Чалавеку яго ўласныя далоні.
Прачнуўся Крот, а перад ім – Чалавек! Вельмі спалохаўся Крот
і на дзіва спрытна вырваўся з рук. Толькі яго і бачылі! А
Чалавек ішоў і думаў. Ён вельмі шкадаваў звярка, калі чуў, што
дзесьці злавілі Крата.
      “Хоць, – думаў Чалавек, – можна зразумець і тых людзей,
якім ён прыносіць шкоду. Але Крот не вінаваты, што ён так
жыве. Гэта яго жыццё, – разважаў Чалавек. – Жывучы пад
зямлёй, ён капае сабе хады, шукае чарвякоў і лічынак, і ў яго,
напэўна, ёсць сям’я. А я жыву на зямлі і таксама пракладваю
свае “хады”-дарогі, здабываю сабе ежу і часта проста не
заўважаю, што перашкаджаю пры гэтым іншаму, такому
самаму жыхару зямлі, як гэты маленькі безабаронны Крот”.
      Так разважаў Чалавек, і крокі яго рабіліся ўсё
хутчэйшымі. (305 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 101 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: