Грышка

Грышка
     Навальніца ўсхадзілася неспадзявана. Захапіўшыся
чарніцамі, Дзіма з Колем і не заўважылі, як лес раптам густа
пацямнеў, а над галовамі моцна зашумелі елкі і сосны. Грымнуў
пярун такім страшэнным выбухам, што, здавалася, над
галовамі рассыпаліся тысячы снарадных асколкаў. Хлопцы
кінуліся бегчы. Лес стагнаў і трашчаў. Маланкі смалілі амаль
несціхана, а гром зліваўся ў адну суцэльную кананаду. Хутка
ён пацішэў, але грымоты яшчэ бушавалі над лесам.
І вось у гэты момант яны пачулі недалёка ад сябе жывы
голас. Хлопцы сцішыліся і прыслухаліся. Хутка стала ясна,
што выходзіць ён з блізкага маладога зарасніку. Асцярожна
расхінуўшы куст, яны ўбачылі птушаня, якое, мабыць,
вывалілася ў час навальніцы з гнязда. Было відаць, што правае
крыльца яго зламана.
     Пасля доўгіх і розных прапаноў было вырашана аднесці
птушаня да Веры Андрэеўны, лагернага ўрача. І хоць Коля
лічыў, што Вера Андрэеўна толькі людзей лечыць, а не птушак,
яго прапанова была прынята. Нікому з хлопцаў не хацелася
пакідаць на пагібель птушаня, якое так бязлітасна пакалечыла
навальніца.
      Вера Андрэеўна найперш сказала, што хлопцы правільна
зрабілі, прынёсшы птушаня ў бальніцу, бо яго сапраўды трэба
лячыць. Затым яна выраўняла грачаняці пераламанае крыло,
выцерла ранку ёдам і туга перавязала бінтам, загадаўшы
сябрам несці хворага на свежае паветра.
      Тыдні праз два Вера Андрэеўна зняла бінт, сказаўшы
хлопцам, што з птушанём усё ў парадку і яно хутка паляціць.
     Грачаня за гэтыя дні падрасло і яшчэ больш пачарнела.
Хлопцы, вядома, не шкадавалі яму самых лепшых ласункаў.
Пачуўшы голас сваіх прыяцеляў, яно весела на ўвесь лес
крычала і жвава лопала крыллем, спрабуючы ўзляцець.
      Аднойчы хлопцы прынеслі Грышку, так яны назвалі
грачаня, чарговы багаты абед і шклянку свежай вады. Але
гняздо, якое змайстравалі самі хлопцы, услаўшы яго
мякенькай ватай, было пустым.
      Сябры радаваліся і сумавалі. Радаваліся, што іх выхаванец
ужо стаў дарослым, самастойным граком, што ён ужо сам
здабывае сабе яду, ачышчаючы лясы і сады ад розных
шкоднікаў. А сумавалі, бо моцна да яго прывыклі.
      Яны доўга і пільна прыглядаліся да шумных мітуслівых
гракоў, і ім здавалася, што ў бязладным птушыным крыку яны
чуюць і знаёмы голас свайго Грышкі. (331 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 88 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: