Губаты

Губаты
     Прайшло некалькі тыдняў. Ласяня акрыяла, пачула, што
ў яго падсохла і залячылася рана. Ноччу яно спала ў
падпаветцы на ахапку сена, а днём гуляла па двары,
пазнаёмілася з усімі яго насельнкіамі. Шчыра палюбіла
гаспадара, добрага і спагадлівага чалавека. Мірна ўжылася з
таварыскім сабакам, са свавольнікам цялём, амаль равеснікам,
з якім гойсала па двары. З курамі, гэтай драбнатой, яму было
нецікава, і яно без ніякай злосці, толькі дзеля жарту наўмысна
ганялася за імі, нясмелымі, палахлівымі, бачачы, як яны
разлятаюцца. Гаспадар за тое ўпершыню накрычаў на ласяня,
сказаўшы, што куры пасля губляюць пер’е і не нясуцца. З
вялікай каровай ніякага сяброўства адразу не выйшла: яно
памкнулася папіць малака, але тая балюча трэснула яго нагою.
     Найбольш жа ласяня пасябравала з гаспадаровымі
дзецьмі – з хлопчыкам і дзяўчынкаю. Разам яны і дурэлі, і
бегалі па двары, яно брала з іхніх рук пернікі, смачны хлеб і
цукеркі. Ад іх ласяня атрымала дураслівую мянушку Губаты.
Прыдумаў гэта хлопчык. Ён усё дзівіўся, што ў яго, ласяняці,
такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа, вось і выдумаў.
     Спачатку называлі так дзеці, а тады пачалі гэтак клікаць
і дарослыя.
     У адзін з апошніх летніх дзён у хлеў прыйшоў гаспадар,
прынёс яму паўвядра пойла. Губаты тыцнуўся ў вядро, абліў да
вачэй морду і выплеснуў амаль усё долу. Ляснік моўчкі пазіраў,
але не злаваўся. Пасля яны падаліся з двара на пашу. Гаспадар
прыпыніўся, пагладзіў па спі́не ласяня і сказаў: “Ідзі, звярок
мілы, да свайго, а пра нас забудзь”. Малое прыпусціла да
самага лесу, а тады вярнулася назад, не разумеючы, што гэта
робіцца. (250 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 192 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: