Ісці ў разведку

Ісці ў разведку
    Пайшлі раз Сярожка з Косцікам у лес па ландышы, дзеду
на лекі ад сэрца.
     Усталі раненька, узялі па кавалку хлеба з маслам. На
шашы прагаласавалі, і шафёр узяў іх у кабіну.
     Вось і лес. Пад нагамі шмат розных кветак, а ландышаў
няма. Давялося хлопчыкам ісці ў глыб лесу. А там між зялёных
лісткоў, што раслі з самай зямлі, на тоненькіх высокіх
сцяблінках віселі, нібы завушніцы, белыя званочкі.
     Многа кветак хлопцы не рвалі, толькі каб хапіла дзеду на
лекі. Паклалі ландышы ў мяшэчак і пачалі шукаць дарогу
назад. Косцік, як заўсёды, спяшаецца. Зачапіўся за сук і –
бразь! Паляцеў з усяго размаху. Падбег Сярожа, устаць
дапамагае, а Косцік на нагу стаць не можа. Узяў Сярожа яго
на плечы і панёс.
     Цяжка яму, ледзь дыхае, але ж не кінеш сябра ў лесе, не
пабяжыш адзін дадому. А тым часам і цямнець пачало. Селі
хлопчыкі на зямлю, думаюць, што ім рабіць. Сабраліся ўжо ў
лесе начаваць, дасталі хлеб з маслам. І раптам выходзіць да іх
ляснік. Расказалі яму хлопчыкі пра сваю бяду.
     Узяў ляснік Косціка на рукі і панёс. Але зусім не ў той
бок, куды нёс яго Сярожа. Неўзабаве выбраліся на шашу.
Спыніў ляснік машыну, папрасіў шафёра, каб завёз хлопчыкаў
дадому.
   Назаўтра Сярожа пайшоў адведаць Косціка. А той сядзіць
на ложку, нага ў гіпсе. Убачыў дзед Сярожу, усміхнуўся:
    – Дзякуй за ландышы. З табой можна хадзіць у разведку.
Гэта на вайне так казалі. Пра чалавека, які сябра ў бядзе не
пакіне. (240 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 874 | Рейтинг: 2.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: