Яблыкі

Яблыкі
      Бывае сяброўства між роднаснымі душамі, сапраўдная
повязь розумаў, калі думаецца на адзін лад, калі разам хораша
нават і памаўчаць. Гэта сяброўства залатое, апетае ў паэзіі ды
прозе яшчэ са старажытных часоў.
      Бывае сяброўства, крута замешанае на спаборніцтве, калі
адзін аднаго падбухторвае, і штурхае, і піхае далей, калі кожны
– дзеля ўвагі другога – здольны на многае. Для высокай паэзіі
пасуе, можа быць, меней, але, па вялікім рахунку, нічога сабе.
      Але ўсе дзеці ведаюць, што ёсць яшчэ сяброўства дзеля
зручнасці. Гэта сяброўства меднае. Ды і медзь тая, трэба
сказаць, не самага лепшага гатунку: паспрабуеш на зуб – і
зломіцца.
Маргарыце і Наталцы не пашчасціла. Яны вучыліся ў
адным класе і жылі амаль побач. Гэта быў прысуд. Бацькі
вырашылі ўсё за іх.
      – Як цудоўна! – з імпэтам казалі яны. – Будзеце
сябраваць!
Адна адной дзяўчаты нядужа падабаліся. Але “сябравалі”:
хадзілі разам у школу і разам жа вярталіся. Размаўлялі мала,
бо асабліва не было пра што.
      Яблыкі Наталка заўсёды брала з сабою ў школу –
чырванашчокія, пекныя, духмяныя. Задуменна хрупала,
пакуль яны вярталіся дамоў. Толькі аднойчы, надкусіўшы
яблык, Наталка неяк схамянулася, вохнула і пачала корпацца
ў кішэні школьнай торбы.
      – Што ж гэта я так, – сказала вінавата, – у мяне ж яшчэ
адзін ёсць.
Маргарыта здзіўлена падняла бровы, а Наталка між тым
працягвала:
      – Вось гэты, – паказала мне на далоні надкусаны яблык.
 – Ён ажно зімні, не такі смачны. А вось гэты, – жэстам
фокусніка дастала яшчэ адзін, – ну такі салодкі, такі салодкі,
ты проста не ўяўляеш!
      Усміхнулася сонечна і з хрубасценнем адкусіла ад
знойдзенага незвычайна салодкага яблыка ледзь не палову.
Так і ела адразу два, падносячы іх па чарзе да рота і адмыслова
працуючы сківіцамі. Паглядала на мяне са спакойнай,
шчаслівай усмешкай.
      І два гэтыя непамерныя яблыкі ў яе руках, і выпацканы
яблычным сокам твар былі такімі смешнымі, што я ўсміхнулася
ў адказ.
      Ланцуг навязанага сяброўства перарваўся даўно. Але
памяць пра дзяўчынку з яблыкамі жыве ў Маргарыты дасюль.
      Сапраўды, медзь каштоўная хоць бы тым, што дзякуючы
ёй пачынаеш разумець цану і срэбра, і золата. (322 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 121 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: