Як Андрэйка памірыў галубоў

Як Андрэйка памірыў галубоў
     Дзьмуў халодны асенні вецер. На пероне людзей было
мала. Андрэйкаў тата размаўляў са знаёмым мужчынам. А сам
Андрэйка з цікавасцю назіраў за галубамі, якія снавалі каля
лаўкі, пераляталі з месца на месца.
      Раптам два галубы пачалі біцца, не падзяліўшы знаходку
– жаўтаватую скурку ад каўбасы. Нарэшце аднаму з іх
надакучыла, мабыць, гэта валтузня, і ён, адляцеўшы ад лаўкі,
сеў на шэрую ад сухой травы клумбу.
      Голуб-пераможца зашчаміў у дзюбцы скурку, пакруціў
галоўкай і паглядзеў на Андрэйку – сведку іх бойкі. Потым,
нібыта прысаромлены хлопчыкам, паляцеў да клумбы. Сеў
побач са сваім супернікам і паклаў перад ім каўбасную скурку.
Але той нават і не глянуў на яе, такую апетытную і жаданую
хвілін колькі назад. Відаць, вельмі пакрыўдзіўся.
     Андрэйку захацелася памірыць галубоў. Нейкі час ён
засяроджана думаў, як гэта зрабіць. І надумаў нарэшце: пэўна
ж, іх зблізіць яго пачастунак. Дастаў з сумкі батон, адламаў ад
яго акрайчык. Пакамячыў у жмені, падышоў бліжэй да
галубоў.
      Галубы паднялі галоўкі, насцярожыліся, але не
спужаліся, не разляцеліся ў розныя бакі. Андрэйка яшчэ раз,
мацней, пакамячыў у жмені батон і не кінуў, а паклаў
асцярожна на зямлю, каля сваіх ног. Затым адышоўся і зноў
сеў на лаўку.
      Бацька ўсё яшчэ размаўляў са сваім знаёмым, паглядаючы
час ад часу за сынам. А галубы тым часам пачалі спорна
дзяўбці духмяныя кавалачкі батона. З’еўшы ўсё, нешта
завуркаталі на сваёй птушынай мове, нібыта падзякавалі
Андрэйку за пачастунак. Узмахнулі крыламі і разам, ледзь не
ў абдымку, паляцелі ў недалёкі скверык. (240 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 235 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: