Які свет абраць

Які свет абраць
     Лука чытаў шмат кніг, праз іх спазнаваў і ўспрымаў
розныя сусветы. Пасля прачытання кніг і прагляду фільмаў
яму заўжды карцела прайсціся шляхамі Хобіта і Багінса, Тома
Соера і Олівера Твіста, Дораці, Ільва, Жалезнага чалавека. Але
дарослыя спынялі яго: “Гэта мінулыя часы”. Калі ж Лука хацеў
выправіцца ў шлях па “Зорных сцяжынках”, яму казалі: “Гэта
свет будучыні”.
     Лука крыўдаваў: “Што б я ні абраў, у іх ёсць адгаворка.
Існуе столькі светаў, а я мушу жыць у гэтым, самым сумным!
Хадзі ў школу, рабі ўрокі, слухайся настаўніка, слухайся маму
і тату, слухайся бабулю і дзядулю. Ці ёсць мяжа іх свету?”
     Аднойчы Лука спытаўся ў таты:
     – Ці магу я абраць свой свет?
     – Сынок, твой свет зараз самы лепшы – у ім няма ні
клопатаў, ні цяжкіх абавязкаў.
Расчараваны Лука пайшоў да дзядулі – спадзяваўся, што
атрымае ад яго больш цікавы адказ. Дзядулю вельмі расчуліла
пытанне ўнука.
     – Лука, што можа быць лепшым, чым свет дзяцінства?
Эх, калі б я мог вярнуцца ў твой свет!
Але хлопчыка і гэты адказ не задаволіў. Ён падышоў да
мамы. Яна пацалавала яго і прамовіла:
     – Лука, сынок, ты мой самы шчаслівы і самы лепшы свет!
     Не знайшоўшы адказу, якога шукаў у дарослых, хлопчык
падумаў: “Што мне яшчэ застаецца, апроч як ствараць свае
ўласныя сусветы?” Узяў алоўкі і пачаў маляваць сусветы на
паперы. Ён укладваў у іх усё сваё багатае ўяўленне, фантазію,
яркія фарбы.
     Калі Лука вырас, стаў вядомым мастаком, і цяпер часта
паўтарае сваім дзецям: “Старайцеся самі ствараць светы.
Наколькі будзеце цікавымі вы самі, настолькі цікавымі
атрымаюцца і створаныя вамі светы”. (253 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 59 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: