Яшка і Машка

Яшка і Машка
      Параход ішоў цёплымі паўднёвымі морамі. Неяк, калі ён
прыстаў да берагоў Афрыкі, адзін абарыген прадаў маракам
дзвюх малпачак. Малпачкі хутка прывыклі да новага месца.
Неўзабаве яны сталі любімцамі каманды. Маракі назвалі іх
Яшкам і Машкай.
      Яшка любіў чапляцца хвастом за перакладзіны і, звісаючы
галавой уніз, гайдаўся, нібы запраўскі фізкультурнік. Машка
кожны раз перад сняданкам сігала на стол, хапала драбок
цукру і імгненна знікала.
      Адзін раз боцман сабраўся памыць брудны мяшок. Ён
прывязаў яго вяроўкай і кінуў праз круглае акенца сваёй каюты
ў мора. Ад хуткага руху парахода мяшок паласкаўся ў марской
вадзе.
      Пакінуўшы мяшок купацца, боцман выйшаў з каюты,
зачыніў дзверы на ключ і падняўся на верхнюю палубу.
Расправіўшы вусы, кінуў позірк на мора. Сярод дробных хваляў
паказалася вялізная акула, а з вады пачалі выскокваць
лятучыя рыбы: напэўна, іх спалохала акула. Паласатыя рыбкі
пераляталі цераз параход і ныралі ў ваду.
      Абедзве малпачкі пачалі падскокваць, спрабуючы лавіць
рыбак. Але рыбкі ляцелі хутка, і малпы ніводнай з іх не злавілі.
І вось Яшка і Машка разам падскочылі над бортам і стукнуліся
адна аб адну. У тую ж хвіліну паветра скалануў прарэзлівы енк,
а малпы зніклі з палубы і боўтнуліся ў ваду. Ураз пракацілася:
      – Чалавек за бортам!
      Гэта боцман, схапіўшы выратавальны круг, сігануў у
мора.
      Калі павярнулі параход назад, чалавек у моры здаваўся
ледзь прыкметнай кропкай. Маракі заўважылі, як акула
таксама паплыла туды, дзе віднеўся боцман. Усе захваляваліся.
Параход ішоў поўным ходам і бесперапынна гудзеў. Так хацелі
адагнаць марскога драпежніка.
      Акула знікла пад вадой. Вунь і яе плаўнікі мільганулі
паблізу боцмана. Хутка спусцілі шлюпку і выцягнулі з вады
боцмана і Яшку. Усе зразумелі, што Машка патанула.
      Шлюпку паднялі на параход. Боцман, увесь мокры,
моўчкі падаўся ў сваю каюту. Ён адчыніў дзверы і ўбачыў
Машку, якая сядзела на століку і грызла шакалад. Марак
аслупянеў, а Машка, схапіўшы агрызак шакаладу, кінулася
праз акно ў мора. Боцман падбег да стала і насілу прасунуў
галаву ў акенца. Ён убачыў малпачку, якая трымалася на
вяровачцы, якой ён прывязаў мяшок. Марак здагадаўся, што,
калі малпы падалі з палубы, Машка схапілася за тую
вяровачку і выратавалася. (340 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 32 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: