Каб мама ўсміхалася

Каб мама ўсміхалася
     Алесеў брат Мікола служыць у арміі. Сумна Алесю без
брата, асабліва цяпер, зімой. Раней ён з Міколам хадзіў рыбу з-
пад лёду лавіць, а сёлета мама не пускае аднаго на рэчку.
     Сеў Алесь за стол, вырваў са сшытка аркуш паперы і
вялікімі літарамі вывеў: “Дарагі брат Мікола! Калі прыедзеш на
пабыўку? Вельмі чакаю цябе”.
     Мінуў тыдзень, другі, і вось прыйшоў адказ.
     “Дарагі Алесік! Ці хутка, пытаешся, на пабыўку прыеду?
Гэта і ад цябе залежыць. Трэба, каб наша мама часцей
усміхалася. Яе ўсмешка мне служыць дапаможа. Так служыць,
каб камандзіры хвалілі. Пастарайся, Алесь, каб мама часцей
усміхалася. Тады і на пабыўку я хутчэй прыеду…”
     Прачытаў Алесь пісьмо, задумаўся: праўда, рэдка мама
ўсміхаецца. Прыйдзе вечарам стомленая. Потым у яго, Алесеў,
дзённік гляне, спахмурнее: “Зноў па матэматыцы тройку
прынёс. Будзем разам задачы рашаць”.
     А раней мама штодзень усміхалася. Пакуль з работы
вернецца, Мікола і ў печцы прапаліць, і бульбы наабірае, і ў
хаце прыбярэ. А цяпер усё адна робіць. Цяжка ёй!
     Апрануўся Алесь, прынёс з дрывотні дроў, запаліў печку і
пачаў задачы рашаць.
    Вярнулася мама з работы, а ў хаце цёпла, утульна.
Усміхнулася сыну, пахваліла.
     Нарэшце скончылася зіма. Аднаго разу ўскапалі Алесь з
мамай градку каля хаты, вяргіні пасадзілі. На лаўку прыселі,
адпачываюць. Глянуў Алесь на вуліцу і вачам не паверыў:
скіроўвае да іх салдат, высокі, прыгожы, са значком на
грудзях.
     Алесь маму апярэдзіў, прыціснуўся да брата, сказаў:
     – Я ведаў, што ты хутка прыедзеш на пабыўку. Цяпер
мама кожны дзень усміхаецца. (240 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 352 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: