Калі зайцы смелыя

Калі зайцы смелыя
     Вечарэла. Садзілася на спачын сонца. Залатое святло яго
развітальных промняў запоўніла сабой палянку. Яшчэ здалёк
на палянцы Янка ўбачыў зайку. Каля высокага куста ядлоўцу
ён ласаваўся дзікай канюшынай. Нечакана над палянкай
з’явіўся каршун. Зайка, не чуючы пад сабой ног, кінуўся ў
кусты арэшніку.
     Каршун праляцеў над палянкаю, развярнуўся і таксама
скіраваў да арэшніку. Раптам ён рэзка спікіраваў да зямлі, але
зайка выбег яму насустрач і ўдарыў драпежніка пярэднімі
лапамі.
     Каршун сігануў угору і тут жа зноў кінуўся на зайчыка.
Зайка не разгубіўся. Выскачыў наперад і ўдарыў яго лапамі.
Драпежнік усё насядаў, але зайка не здаваўся. Фыркаў,
біў каршуна пярэднімі лапамі. Такое нельга было больш
трываць, і хлопец прыспешыў крок, закрычаў.
Каршун спалохаўся, паляцеў з палянкі. Схаваўся ў кустах
і зайка-смяльчак. Янка падышоў да ляшчыны, а пад ёю двое
зайчанятак ляжаць.
     Многія лічаць, што заяц баязлівы, але гэта на самай
справе не так. Ён асцярожны, бо ў яго шмат ворагаў: і
драпежныя птушкі, і ліса, і воўк, і чалавек са стрэльбай. І ён
уцякае, каб уратавацца, выжыць.
     Клапоцяцца зайцы і пра сваё патомства. Зайчыха,
асабліва русачыха, у спецыяльным гняздзе ў халоднае надвор’е
сагравае сваіх дзетак. А калі непадалёку вораг, адцягвае ўвагу
на сябе: скача, фыркае, стукае лапкамі. Зайчанят маці корміць
малаком тры–чатыры тыдні, хоць траву яны пачынаюць есці
намнога раней.
     А паветра ўсё сінела і сінела. Хутка на зямлю апусціцца
цемень. Янка ішоў дамоў і радаваўся, што ноч наўкола
ўладарыць, што зайчыха пра паядынак з каршуном
забудзецца, да дзетак вернецца. (243 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 249 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: