Каштанчык

Каштанчык
     Увосень на пустцы побач са школай дзеці пасадзілі
каштаны. Саджанцы былі маладыя і тонкія, таму ўсю зіму дзеці
перажывалі, каб не змерзлі яны, каб перажылі халодную зіму і
прыняліся. І вясной на ўсіх шасці дрэўцах з’явіліся вялікія,
радасна-зялёныя лісточкі. Усе каштаны прыняліся! Былая
пустка стала вельмі ўтульным і вясёлым месцам.
     Але праз некалькі дзён адбылося зусім невясёлае
здарэнне. Нехта бяздушны, або бяздумны, або злы адламаў у
самага крайняга дрэўца галінку. Астатнія каштаны абурана
шапацелі сваімі ўзорыстымі лісточкамі і гучна спачувалі
параненаму дрэўцу. А паранены каштан зусім не хацеў
выглядаць бездапаможным і жаласным. Ён хацеў быць
прыгожым, моцным і шчаслівым. Нават без адной галіны.
     І вось адной светлай майскай раніцай пяць каштанаў
заўважылі на шостым, з адламанай галінкай, дрэўцы
асляпляльна-прыгожую бела-ружовую кветку. Велічна і
пяшчотна пазірала яна на іх амаль з самай вершаліны дрэўца.
І хоць ні ў аднаго з пяці каштанаў такога дзівоснага
ўпрыгожання яшчэ не было, кожны з іх шчыра радаваўся за
сябра. Усе, хто праходзіў побач, захапляліся цудоўнай кветкай
і мужным дрэўцам. Каштану з адламанай галінкай гэта было
надзвычай прыемна.
    Але паступова бела-ружовыя танюткія пялёсткі, якія
рабілі кветку такой асляпляльна-прыгожай, пачалі асыпацца,
а потым і ўвогуле на іх месцы з’явіліся тры маленькія зялёныя
шарыкі, усе ў калючых іголках. Каштан спачатку засмуціўся.
Аднак шарыкі былі такімі забаўнымі і смешнымі, што ён
палюбіў іх.
     Зноў надышла восень. Вецер усё часцей завітваў да
дрэўцаў і аднойчы так расхістаў калючыя шарыкі, што яны
адзін за адным адарваліся ад галінкі і гулка ўпалі на зямлю. А
самы вялікі з іх нават раскалоўся на дзве палавінкі. З іх
выкаціўся вільготны карычневы каштанчык і адразу злавіў
прамень ласкавага восеньскага сонейка.
     – Які бліскучы, які цудоўны! – усклікнула дрэўца з
адламанай галінкай.
      І палюбіла яго гэтак жа моцна, як бела-ружовую кветку і
зялёныя шарыкі. Каштанчык бестурботна ляжаў у сакавітай
траве і грэўся на ласкавым сонейку.
      У гэты час па дарожцы ішоў хлопчык. Менавіта ішоў, а не
бег, як усе іншыя хлопчыкі, таму і паспеў заўважыць у траве
бліскучы каштанчык. Падняў яго, задуменна разгледзеў і
паклаў у кішэню.
     – Адчуваю, мой каштанчык трапіў у добрыя рукі, –
супакоена зашапацела дрэўца. (340 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 269 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: