Кемлівая казуля

Кемлівая казуля
     Зіма прымчалася з поўначы на лютых вятрах. Мароз з
кожным днём мацнеў. Ад сцюдзёных вятроў звяры і птушкі
шукалі ратунку ў густых лясах.
      Разважны воўк прыйшоў у лясны гушчар, каб пагрэцца і
пашукаць спажывы. Стыла ў жылах кроў, ледзянелі лапы,
голад даймаў звера. Белае маўчанне лесу, холад і голад абудзілі
ў ваўка дзікі страх. Воўк выбег на прагаліну, падціснуў хвост,
узняў галаву да неба і завыў. У адказ дзесьці далёка ў лесе
пачулася выццё. Воўк кінуўся ў той бок. Хутка драпежнік
апынуўся ў дробным хмызняку. Крыху ў баку ад прасекі, на
якую воўк выбег, ён убачыў казулю.
      Са смакам абгрызаючы лазовую кару, казуля перабягала
ад аднаго куста да другога. Воўк пачаў падкрадвацца да яе.
Прапаўзе некалькі крокаў і прыпадзе да зямлі, ляжыць, цікуе.
Вось цела звера наструнілася, хіб натапырыўся. Воўк
падрыхтаваўся да скачка.
      У гэты небяспечны момант казуля падняла галаву і
ўбачыла ваўка. Доўга не думаючы, яна зрабіла пругкі скачок
убок і кінулася ў лес. Воўк выскачыў з-за кустоў з такім
спрытам, што ажно снег слупам паляцеў угору. Стройнае цела
казулі выгіналася ў імклівым бегу. Яна, нібы на крылах,
пералятала цераз кусты, завалы, калоды, кідалася то ў адзін
бок, то ў другі. Воўк не адставаў. Ён нават стаў забягаць ёй
наперад. Вось-вось драпежнік дагоніць яе.
      Адзін момант – і казуля скочыла ўбок і крута павярнула
на лясную дарогу, што вяла да леснічоўкі. Яшчэ хвіліна,
другая… І вось леснічоўка. Магутным скачком казуля
пераляцела цераз плот і кінулася ў расчыненыя дзверы. (240
слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 383 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: