Хлопец з чужой каманды

Хлопец з чужой каманды
      Пасля шостага класа Тамару ўключылі ў школьную
турысцкую каманду. Вучні старшых класаў вучыліся
арыентавацца ў незнаёмай мясцовасці, а яна павінна была
прымаць удзел у эстафеце.
      Аднак у дзень спаборніцтва дзяўчыне паведамілі, што яна
замест хворай дзяўчыны будзе ўдзельнічаць у конкурсе па
арыентаванні. Тамара паглядзела на карту, і рукі ў яе
задрыжэлі. Але не падводзіць жа каманду!
      Нарэшце – старт. Першы “пікет” недзе каля павароту на
прасёлак. Тамара збочвае і бачыць дзвюх настаўніц. Адна з іх
ставіць подпіс на адвароце яе карты, падказвае, што наступны
“пікет” каля крыніцы.
      Не чуючы ног, Тамара ляціць туды. Атрымлівае другі
подпіс і бяжыць да трэцяга “пікета”. Бяжыць праз лес.
Становіцца цяжка дыхаць. Глядзіць на карту, потым на
компас. Не можа зарыентавацца! Заблукала!
      Раптам з гушчару выбягае высокі худы старшакласнік. З
палёгкай Тамара падбягае да яго з пытаннем пра трэці “пікет”.
      – Там, ля старога калодзежа. А ты што, заблукала? –
цяжка дыхаючы, прамовіў ён.
      – Не кідай мяне. Мне страшна! – просіць Тамара.
      Хлопец доўга глядзіць на дзяўчыну, потым бярэ яе
планшэт і знікае ў гушчары. Праз некалькі хвілін
старшакласнік вяртаецца з трэцім подпісам на яе карце.
      Хлопец хапае Тамару за руку, і яны бягуць далей. Далонь
у яго гарачая, доўгія дужыя пальцы ўсё мацней сціскаюць руку́
дзяўчыны. Яны бягуць праз лес да апошняга “пікета”, бягуць
насустрач навальніцы.
      – Давай, Тамара! Малайчына!!! – крычаць яе сябры.
      Хлопец, нарэшце, адпускае яе руку. А яго абступаюць
сябры. Яны не задаволены яго вынікам. Напэўна, не спраўдзіў
надзей. Затое Тамару ўсе цалуюць і абдымаюць.
      Яна не бачыла больш таго хлопца, не ведае яго імя́. Але
той поціск гарачай далоні памятае і праз шмат гадоў. (260 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 68 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: