Крамянёвыя шахты

Крамянёвыя шахты
     Тое, што Беларусь з’яўляецца сёння шахцёрскай краінай,
ведаюць многія, нават далёка за яе межамі. Звязана гэта
найперш з залежамі калійнай солі ў Салігорску, па здабычы
якой Беларусь займае трэцяе месца ў Еўропе. А вось тое, што
першыя шахцёры на беларускіх землях з’явіліся больш як
пяць тысяч гадоў таму, для многіх гэта нечаканае адкрыццё.
     На памежжы неаліту і бронзавага веку ўзніклі першыя
беларускія шахты па здабычы крэменю. Было гэта ля
цяперашняга гарадскога пасёлка Краснасельскі, што на левым
прытоку Нёмана, на рацэ Рось, у Ваўкавыскім раёне. На беразе
Росі некалі знаходзіліся вялікія крэйдавыя адклады, дзе і
хаваліся патрэбныя камяні. Каб здабыць патрэбную сыравіну,
капа́лі вертыкальныя калодзежы дыяметрам да паўтара метра.
Глыбіня іх залежала ад насычанасці крэйды крэменем і
дасягала пяці метраў. Капа́ў, як правіла, адзін чалавек.
Адпрацаваную пароду ў спецыяльных скураны́х мяшках
выцягвалі на паверхню. Пад’ёмных ліфтаў тады не існавала.
Калі шахта станавілася ўсё глыбейшай і шахцёру цяжка было
ў яе апускацца, скарыстоўвалі лесвіцы – ствол дрэва з коратка
абсечанымі галінамі. Калі ж крамянёвыя залежы адшуквалі ў
баку ад шахтнага ствала, тады выдзёўбвалі гарызантальныя
адгалінаванні. Шахты працавалі толькі летам.
     Здабыты крэмень быў вільготны і крохкі, як крышталь.
Але затое ён добра паддаваўся апрацоўцы. З дапамогай
прасцейшых прыстасаванняў ад крэменю адлушчвалі, адсякалі
ўсё лішняе. Непасрэдна ў шахтах выраблялі загатоўкі сякер. У
спецыяльных майстэрнях іх даводзілі да ладу, надавалі
зручную і дасканалую форму.
     Старажытныя крэменездабыўныя шахты – унікальнае
сведчанне майстравітасці, здатнасці і кемлівасці нашых далёкіх
прашчураў. Гэта каштоўныя крыніцы даследавання
прафесійных заняткаў першанасельнікаў беларускай зямлі.
(241 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 156 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: