Курапаткі

Курапаткі
     Тры абавязкі ў вясны: па-першае, цемру зімнюю адолець,
па-другое, зямлю разбудзіць і адагрэць, па-трэцяе, прыроду ў
зеляніну прыбраць. З першым абавязкам сакавік спраўляецца,
пра другі ўвесь час красавік дбае, а трэці дастаецца мбю.
     Якраз у маі, калі заквітнела алешына і ля рэчкі зацвілі
чаромха ды фіялкі, Пятрусь прыехаў на Вілію. Рака сустрэла
яго ціхім плёскатам хваль, тужлівым крыкам чаек і спевам
птушак у хмызняках. Выгінаючы пад сонцам вялізную, бы ў
акулы, срэбную спі́ну, Вілія паказвалася з-за павароту і
павольна каціла свае воды між стромкіх берагоў. А паабапал іх
узвышаліся ліпы і магутныя дубы-асілкі.
     Доўга ішоў Пятрусь берагам. Потым збочыў на круглую,
як сподачак, палянку, якая адным бокам датыкалася да ракі,
і прысеў на трухлявы пянёк. Густа пахла чаромха, побач
дробнымі бела-ружовымі кветкамі цвілі кусты каліны.
      Лёгка дыхалася, шчымліва білася ў грудзях сэрца. Але
раптам невядома адкуль каля хлопца з’явілася шэрая
курапатка, закружылася, рэзка закрычала. Петруся, нібы
спружынай, падкінула на ногі. Курапатка закрычала яшчэ
мацней, адляцела крокаў на дзесяць і нерухома застыла на
месцы. Пятрусь ступіў у бок рэчкі, але птушка, моцна
лапочучы крыламі, зноў падляцела да яго, закрычала на ўсю
моц свайго голасу. Так паўтаралася некалькі разоў.
       “Недзе блізка павінна быць яе гняздо, таму і баіцца яна,
адводзіць мяне ад яго”, – падумаў Пятрусь пра курапатку і
заспяшаўся з палянкі.
      У сярэдзіне ліпеня, калі хлопец збіраў каля Віліі чабор і
запасаўся ліпавым цветам, зноў завітаў на тую палянку. Вельмі
ўзрадаваўся, калі сустрэў там сваю знаёмую шэрую курапатку.
А побач з ёй цяпер ужо было шаснаццаць маладзенькіх
курапатачак. (247 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 119 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: