Ластаўчына гняздо

Ластаўчына гняздо
      Нашы ластаўкі, відаць, запазніліся звіць сваё гняздо, і
таму ластавяняты вывеліся ў іх запознена. Іншыя даўно на сваіх
крылах абляталі Жыцькава, а нашы ўсё яшчэ сядзелі ў гняздзе
і прасілі ў бацькоў корму. Час быў збірацца ў вырай, а яны ніяк
не маглі акрылець. Мы бачылі, што нашых ластавянят
кормяць не толькі бацькі. Часам ля гнязда кружылася па пяць-
шэсць ластавак, і ўсе яны неслі малым у дзюбах нейкую
спажыву. Суседзі, падкормліваючы, цярпліва чакалі, калі
вылецяць на крыло нашы малыя.
      Аднаго разу, узлезшы на сена, каб схавацца ад гарачыні,
я не ўбачыў гнязда на яго звычайным месцы. Тут толькі
сіратліва шарэлі рэшткі сухой зямлі і валяліся вялікія і
маленькія камякі, пер’е і пух.
      Раззлаваны, я ўсцягнуў сваіх малых хлопцаў на сена. Але
яны, убачыўшы, што гнязда няма, расплакаліся самі. Я
паверыў: яны гэтага не рабілі. Ужо разам мы пайшлі шукаць
ката Максіма. Той ляжаў у баразне і зацікаўлена назіраў, як
грабуцца куры. Яго мы агледзелі ўважліва, але ніякіх слядоў
разбою не знайшлі. Ні на кіпцюрах, ні на зубах не было ні
пушынкі, ні пярынкі. Кот Максім глядзеў на нас: шукайце,
шукайце, я нічога не рабіў.
      Зразумелі ўсё толькі тады, калі ўбачылі ластавянят. Яны,
моцна ўчапіўшыся лапкамі, побач з дарослымі сядзелі на
провадзе, што гайдаўся ад ветру. Здавалася, яны вось-вось
зваляцца. Ластаўкі самі разбурылі гняздо, каб дзеці хутчэй
аблётвалі свае крылы. Калі не будзе гнязда, дзе хораша і
спакойна сядзець, чакаючы бацькоў з кормам, то давядзецца
давяраць сваім маладым крылам. (240 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 372 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: