Ластаўкі бабулі Паўліны

Ластаўкі бабулі Паўліны
     Бабуля Паўліна адчыніла веснічкі на вуліцу і нібы
спатыкнулася, пачуўшы тоненькі птушыны галасок. Ён быў ціхі
і жаласны, быццам птушанё баялася, каб яго не пачуў сабака
ці кот. Галасок ішоў аднекуль знізу, і бабуля Паўліна кінула
вокам кругом, перш чым ступіць наперад.
     Зямля ля варот была чыстая, кожны каменьчык добра
бачны здалёк. Бабуля Паўліна адышла далей ад веснічак,
уважліва правяраючы ўсё кругом: зямлю, плот, вароты. І тут
вочы яе спыніліся на веснічках, што віселі на тоўстых
металічных трубах, нічым не закрытых зверху. Бабуля
прытуліла вуха да трубы і пачула не то піск, не то ціхае
ціўканне. Відаць, птушанё правалілася ў трубу, само выбрацца
не можа, кліча каго-небудзь.
     Бабуля Паўліна прынесла табурэтку, асцярожна ўзлезла
на яе. Закасаўшы рукаў кофты, паспрабавала дастаць
няшчаснае птушанё, але нічога не атрымалася: труба была
вельмі глыбокая.
     І тут бабуля Паўліна ўбачыла, што над ёй з трывожным
крыкам носяцца ластаўкі. Старая вырашыла паназіраць за імі.
Адна з ластавак раптам села на беражок трубы. У дзюбе ў яе
былі чарвячкі. Ластаўка трошкі пасядзела, потым склала
крылле і шуснула ўсярэдзіну. Праз хвіліну птушка вылецела
адтуль, а на беражок села другая ластаўка з чарвячкамі ў
дзюбе.
     Стала зразумела, што птушаняты сядзелі ў гняздзечку,
звітым у трубе. З таго дня, ідучы на вуліцу, бабуля Паўліна
кожны раз прытуляла вуха да трубы, каб паслухаць галасы
ластавянят.
     Але аднойчы старая не пачула птушынага ціўкання і
перапужалася. Прыслухалася: ціўкаюць, толькі не ў трубе.
Бабуля Паўліна падняла галаву. На доўгіх правадах, што беглі
ад слупа да слупа, сядзела жаўтаротая сямейка ластавак і
перагаворвалася. (251 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 1282 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: