Легенда пра горад Камянец

Легенда пра горад Камянец
     Даўней камяні лічылі жывымі істотамі. Нашы прашчуры
думалі, што камяні, як і людзі, здольны жыць і размнажацца,
таму ім нічога благога не рабілі. А тым, што вылучаліся сваёй
велізарнасцю, незвычайнай формай ці адбіткамі слядоў, нават
пакланяліся. Такія камяні шанавалі, прыносілі ім ахвяры, з імі
звязвалі прыгожыя легенды і паданні.
     Адзін з такіх камянёў ляжаў у межах сённяшняга горада
Камянца. Людзі з навакольных вёсак заўсёды прыходзілі да
яго, калі трэба было параіцца або папрасіць дапамогі. Але
найчасцей звярталіся, калі не хапала хлеба, галадалі. Многа
камень не даваў, але бохан абавязкова з’яўляўся пад раніцу на
яго паверхні. Для гэтага трэба было прынесці каменю
невялікую ахвяру і прашаптаць магічныя словы: “Камень-
камянец! Дай мне назаўтра хлябец! Цяжка стала жыць, дзяцей
няма чым карміць”. Зробіш усё згодна з правіламі – можаш
смела кіраваць дамоў, а назаўтра прыходзіць па хлеб. Доўга
дапамагаў камень людзям, не раз выручаў іх. Але аднойчы
здарылася бяда.
     Жыў у бліжняй вёсцы злы знаха́р, які зайздросціў таму,
што ўсім камень дапамагаў, акрамя яго. І вырашыў знахар
зрабіць на злосць людзям. Прыйшоў увечары, каб ніхто яго не
бачыў, не прынёс каменю паднашэння, не звярнуўся ласкава з
традыцыйнымі словамі, а мовіў: “Камень-камяніска! Аддай сваё
залаціска! Яно ў цябе ляжыць, а мне будзе добра жыць!” Пачуў
камень такую просьбу і праваліўся ад абурэння разам са
знахаром. Прыйшлі людзі раніцаю, а каменя няма, толькі
глыбокі-глыбокі калодзеж са сцюдзёнаю вадою.
     З таго часу толькі назва і засталася – Камянец. Пазней
людзі там сталі жыць, горад утварыўся. (241 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 53 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: