Максім Багдановіч

Максім Багдановіч
     Максім Багдановіч з’яўляецца зоркай беларускай паэзіі.
Ён памёр зусім яшчэ маладым, на дваццаць шостым годзе
свайго жыцця, не паспеўшы сказаць у літаратуры пра многае
з таго, што яго хвалявала. Але за сваё кароткае жыццё вельмі
шмат зрабіў паэт для развіцця і ўдасканалення беларускай
літаратуры. Творчасць яго стала каштоўным набыткам
духоўнай культуры нашага народа. Усё сваё кароткае жыццё
ён аддаў служэнню свайму народу.
     Рос Максім у сям’і, дзе многа ўвагі аддавалася выхаванню
дзяцей. Бацька развіваў назіральнасць, прывіваў жывую
цікавасць да прыроды, любоў да мастацтва і прыгожага
пісьменства. Таму не дзіўна, што ў Максіма вельмі рана
абудзілася цікавасць да чытання кніг. У школьныя гады ён
амаль не расставаўся з кнігамі, за што бацька называў яго
Максім Кніжнік. Кнігі Максім браў з бацькавай бібліятэкі, дзе
былі выданні пра Беларусь, яе гісторыю, зборнікі беларускіх
песень і казак.
     Вельмі рана праявіліся ў Максіма творчыя здольнасці.
Ужо ў дзесяць гадоў ён пачаў пісаць вершы. Гады вучобы ў
Нясвіжскай мужчынскай гімназіі, а пасля ў Яраслаўскім
юрыдычным ліцэі былі надзвычай важным этапам у духоўным
і творчым развіцці беларускага паэта. Гэта былі гады
настойлівай працы над сабой, сур’ёзнай вучобы, паглыблення
ведаў. Усе сілы, вольны час ён аддаваў літаратуры. Паэт
самастойна вывучыў некалькі замежных моў, каб у арыгінале
чытаць творы славянскіх і заходне-еўрапейскіх пісьменнікаў.
     Пачаткам літаратурнай дзейнасці паэта стала апавяданне
“Музы́ка”, надрукаванае на старонках газеты “Наша ніва” ў
тысяча дзевяцьсот сёмым годзе. А праз шэсць гадоў выходзіць
з друку першы і, на жаль, апошні прыжыццёвы зборнік вершаў
“Вянок” – бессмяротны помнік паэтычнаму таленту Максіма
Багдановіча, помнік яго грамадзянскага подзвігу. (250 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 105 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: