Маленькі вырай
Жэня ішоў па лесе з трапяткім хваляваннем і ў думках
падыходзіў ужо да высокага трухлявага пня, зламанага бурай,
аглядаў яго, абмацваў, як некалі ў маленстве.
Калісьці хлопец змайстраваў у гэтым пні ладнае дупло,
кожную вясну старанна падпраўляў яго, і аднойчы там
пасялілася маленькая сінічка. Калі Жэня падыходзіў да пня з
дуплом і зазіраў у дзірачку, на яго, сцяўшыся і прытаіўшыся,
паглядала прыжмураным вокам маленькае жывое шчасце.
Асцярожная сінічка выпырхвала з дупла толькі тады, калі
хлопец крыху адыходзіў, і залівалася такім звонкім
шчабятаннем, нібы другі раз на свет нарадзілася. З таго дупла,
як з чароўнага рукава, у адзін прыгожы дзень Жэня выпускаў
на волю шаснаццаць маладзенькіх птушачак. Былі гады, што і
па два разы рабіў ён гэты свой маленькі вырай.
Неяк халодным, наскрозь прамжэлым днём Жэню
штосьці павяло ў лес. Хлопец падышоў да дупла – і нібы хто
нядобры знячэўку хвастануў нечым па твары. Параскіданыя, у
мокрым крапіўніку жаласна і квола ціўкалі зусім яшчэ голыя і
няўклюдныя птушаняты.
“Хто ж павыкідваў іх?” – ашаломлена думаў Жэня.
А дупло было цэлае! Хлопец адарваў ад яго прыстаўлены
кавалак кары. З гнязда на яго глядзела незнаёмая птушка з
чырвоным ротам. Гэты рот быў такі вялізны, нібы збіраўся
праглынуць чалавека. Жэня выграб тую птушку з чырвоным
ротам у крапіву, а маленькіх голых птушанят, пазбіраўшы,
пасадзіў назад у гняздо.
Тым летам таксама быў прыгожы сонечны дзень, і Жэня
рабіў свой чарговы маленькі вырай. А зязюля пасля таго ні разу
ўжо не прыносіла ў Жэнева дупло сваіх нахабных падкідышаў.
(242 словы) |