Матылёк

Матылёк
      Мірошка гнаўся за матыльком. Матылёк быў дужа
прыгожы, з шырокімі цёмна-чырвонымі крыльцамі. Такога
матылька хлопчык сустрэў упершыню, таму вельмі хацеў
злавіць яго, пагуляць з ім, а потым паказаць маці.
     Яны мітусіліся на цёплым сонечным лужку, між травы і
кветак. Матылёк як бы дражніў малога: ён то высока ўзвіваўся
ўгору, нібы іскра з вогнішча, то раптам садзіўся на якую-
небудзь аблюбаваную кветку і сам рабіўся кветкай. Нялёгка
было зноў убачыць яго.
     Мірошка то прыпадаў да самай зямлі, заміраў і чуў, як
усхвалявана трапечацца разагрэтае вясёлым паляваннем
сэрца, то кідаўся на кветку за матыльком, сціскаў галоўку
кветкі ў далонях, але ў самы апошні міг матылёк вырываўся ў
неба.
     Быў яркі летні поўдзень з мяккімі белымі воблачкамі ў
сінім небе, з лёгкім ветрыкам. Мясціна, дзе гуляў хлопчык з
матыльком, знаходзілася на невысокай травяністай выспе, у
самым пачатку дзвюх рэк. Якраз тут залатая ад сонца Свіслач
улівалася ў срэбную ад сонца Бярэзіну. Чуўся плёскат вады.
Лётала мноства прыгожых стракоз. Але матылёк быў адзін на
цэлым свеце, і толькі за ім сачылі радасна-насцярожаныя вочы
хлопчыка.
     Нарэшце Мірошку пашанцавала. Ён кінуўся грудзьмі ў
траву, тварам упаў у гарачыя кветкі і схапіў матылька. Радасць
распірала грудзі. Ён перавярнуўся на спі́ну, убачыў над сабой
сакавіты блакіт. Мірошка захлынуўся ад шчасця.
     – Мама, паглядзі! – закрычаў ён. – Я злавіў!
Ён асцярожна, вузенькай шчылінкай адкрыў цесна
сплеценыя далоні, быццам нёс у іх ваду і баяўся праліць нават
кроплю.
     – Ён жывы, – часта дыхаючы, сказаў Мірошка і глянуў
маці ў вочы. – Прыгожы?
Потым Мірошка разняў далоні, і матылёк, нязграбна
махаючы крыльцамі, паляцеў у бок ракі. (250 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 303 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: