Міхасёвы пралескі

Міхасёвы пралескі
      Міхась старанна выцірае ногі, сцягвае з галавы шапку-
вушанку і ўваходзіць у прапахлы лякарствамі бальнічны
калідор. Ён хуценька скідвае кажушок, прыгладжвае рукой
валасы і ідзе ў канец бальнічнага калідора. Тут, каля
зашклёных да палавіны дзвярэй палаты, Міхась прыціскаецца
носам да шыбы, а сэрца ў яго б’ецца, нібы злоўленая ў сіло
птушка.
      – Мама… Мамачка…, – усхвалявана шэпча хлопчык. І
столькі любові, столькі пяшчоты ўкладвае ён у гэта простае,
змалку знаёмае слова, столькі цяпла і светлай дзіцячай радасці.
      Цэлы тыдзень хлопчык бегаў штодзень у бальніцу, каб
хоць праз шкло паглядзець на матулю.
      А тым часам надыходзіла вясна, набліжаўся сакавік.
Міхась успомніў, як штогод восьмага сакавіка ён з таткам
прыносіў маці кветкі. Як радавалася яна гэтым першым
вясновым краскам! Асабліва яна любіла пралескі. Таткі цяпер
няма, і кветкі павінен прынесці ён, сын.
      Павялося ўжо так, што калі Міхась меў які-небудзь
клопат, то заўсёды звяртаўся па дапамогу да дзеда Ягора, і не
было яшчэ выпадку, каб стары паляўнічы не выручыў яго.
      Так і на гэты раз. Пачуўшы пра Міхасёў клопат, дзед Ягор
надумаў пайсці з хлопчыкам па пралескі на цёплую крыніцу.
      Міхась ніколі яшчэ не бачыў, каб сярод снягоў біла з-пад
зямлі гэткая цёплая вадзіца. Над крыніцай узнімалася пара, а
па беражках зелянела травіца, жывая, вясёлая. Дзед Ягор
назразаў ладных кавалкаў дзёрну, у якіх праглядвалі раслінкі
ў срэбным пушку.
      – Прынясём іх у хату, – гаварыў дзед, – у цяпло, пачнём
паліваць вадзіцай, і яны як бачыш пойдуць расці і зацвітуць.
      Непрыкметна міналі дні. І вось надышоў дзень, якога з
такой нецярплівасцю чакаў Міхась. Мама ляжала ў ложку, калі
раптам дзверы адчыніліся і ў палату ўвайшоў Міхась, несучы
перад сабой букет сініх пралесак.
      – Міхасёк, сынок мой, адкуль у цябе гэты цуд?! –
усклікнула маці. Яна беражліва ўзяла з рук Міхася кветкі і
пяшчотна прытуліла да сваіх паружавелых ад радаснага
хвалявання шчок.
      Усміхаючыся, Міхась расказаў маці, як яны з дзедам
Ягорам хадзілі на цёплую крыніцу, а потым даглядалі гэтыя
кветкі, каб падарыць ёй на свята.
      А шчаслівая маці пераводзіла позірк ад кветак то на
Міхася, то на дзеда Ягора. (330 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 87 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: